
«Вікторыя» атрымала перамогу
Адкрытыя камандныя спаборніцтвы па гульні ў боччу ў рамках інклюзіўнага спартыўнага фестывалю «Спорт для ўсіх-2023» сярод моладзі і людзей з інваліднасцю прайшлі ў мінулыя выхадныя ў Пінску.
Іх арганізатарамі выступілі фізкультурна-спартыўны клуб інвалідаў «Ветразь», факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця ПалесДУ і валанцёрская арганізацыя «Крылы надзеі». Традыцыйна ўдзел у мерапрыемстве прыняла зборная Іванаўскага раёна з назвай «Вікторыя» пад кіраўніцтвам трэнера і капітана каманды Уладзіміра Сталпецкага. Супернікамі нашых спартсменаў былі шэсць дружын з розных рэгіёнаў Брэстчыны. Гульня, якая з кожным годам набірае ўсё большую папулярнасць, атрымалася вельмі напружанай і цікавай. Лепшыя вынікі, набраўшы роўную суму балаў, паказалі каманды «Палескія буслы» з Пінска і «Вікторыя» з Іванава. І толькі ў супергульні паміж двума лідарамі вызначыліся чэмпіёны, якімі апынуліся іванаўцы. Пераможцы спаборніцтваў узнагароджаны кубкам, граматамі і памятнымі прызамі.
Валерый Міхальчук.