Яны – за бяспеку дарожнага руху
У канцы красавіка на базе Рудскай сярэдняй школы прайшоў раённы этап конкурсу атрадаў юных інспектараў руху. Школа прымала шэсць каманд.
Каб мець права называцца лепшымі, усе ўдзельнікі павінны былі прайсці пяць выпрабаванняў: быць самымі ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху, здаць экзамен на веданне правіл дарожнага руху і асноў аказання першай медыцынскай дапамогі, умець фігурна катацца на веласіпедзе, паказаць агітацыйна-мастацкае прадстаўленне, стварыць відэаролік «Мой атрад». Усе выпрабаванні рабяты паспяхова пераадолелі, і атрад Рудскай СШ «Святлафор» быў прызнаны лепшым атрадам ЮІР Іванаўскага раёна. Каманда-пераможца прадстаўляла раён на занальна-абласным злёце-конкурсе ў Пінску, дзе заняла 2 месца.
Не паспела сціхнуць радасць пасля перамогі, як атраду ЮІР «Святлафор» прыйшлося пакараць новыя вяршыні.
Шмат перажыванняў было ў дзяцей, калі пачаўся трохдзённы марафон у 40-ым абласным злёце-конкурсе, бо, па яго выніках, лепшая каманда прэзентуе Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім злёце-конкурсе атрадаў ЮІР. Гэта былі тры дні складаных выпрабаванняў, новых ведаў, пазітыўных уражанняў і эмоцый, радасці і смеху, сустрэч і знаёмстваў.
У злёце прымалі ўдзел наймацнейшыя атрады ЮІР, якія выйшлі ў фінал. За тры дні ЮІРаўцы пазмагаліся ў 8 конкурсах.
4 мая ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адбылася цырымонія ўзнагароджання. Атрад, які прадстаўляў Янаўшчыну, заняў 2 месца ў мнагабор'і «Юны прапагандыст», 1 месца – у конкурсе відэа-
прэзентацый «Мой атрад», 2 месца – у спаборніцтве «Ваджэнне веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху», 3 месца – на лепшую «Газету» і 3 месца – у «Агітацыйна-мастацкім прадстаўленні». У агульным заліку атрад заняў 5 месца. Дзеці атрымалі дыплом за актыўны ўдзел у злёце. Дадому рабяты прывезлі не толькі ўзнагароды, але і падарункі. А самая маленькая ўдзельніца Аляксандра Пахолка адзначана су-
дзейскай камісіяй асаблівай сімпатыяй і атрымала прыз.
Пасля конкурсу рабяты наведалі парк «1 мая» г. Брэста, музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», пабывалі на адкрыцці музея «Вайсковы клуб».
Ірына ЗАЙМІСТ.