
Я вас люблю, я вамі ганаруся
Паважаны 11 «Б», мае дзяўчаты, мне выпала шчасце праз урокі роднай мовы і літаратуры далучаць вас да мастацтва слова, прывіваць вам любоў да роднай мовы, вучыць адчуваць яе хараство. Падчас шматлікіх сачыненняў я вучыла вас разважаць, суадносіць, назіраць і рабіць высновы. Прызнаюся, творчая праца, палёт вашай думкі, уменне заўважаць відавочнае і незвычайнае ў будзённым застаўляла мяне здзіўляцца. Ніколі не забуду вашы думкі пра сонечнага зайчыка, які знайшоў прытулак у кожным чалавеку, пра сон кветак і зімовую казку, пра надзейнага памочніка кожнай сям’і – дамавіка і ката, які спраўляецца з абавязкамі хатніка лепш, чым той сам, пра гарэзлівага лесавіка і незабыўны паход у грыбы.
Багатая фантазія, вобразнасць мыслення развіваюць імкненне да самарэалізацыі. Пацверджанне таму – вашы работы і перамогі ў шматлікіх творчых, інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах, удзел у разнастайных акцыях, стварэнні сацыяльных праектаў, вядзенні блога.
Без удзелу Маргарыты Гайдучык не прайшла ні адна алімпіяда па рускай мове і літаратуры, яна пераможца 2-га і 3-га этапаў рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Заўсёды спакойная і ўраўнаважаная, разважлівая. Яе любімая адзнака – 10.
Ульяна Лось і Анастасія Назарава не толькі спартсменкі, але яшчэ і валодаюць добрым вакалам, у саставе вакальнага ансамбля «Гармонія» сталі дыпламантамі шматлікіх фестываляў. Вялікая колькасць узнагарод у Анастасіі і за спартыўныя дасягненні, але апошняя, мабыць, самая адметная – прысваенне другога спартыўнага разраду.
Рэйтынг лепшых спартсменаў працягваюць Ніна Шчука і Аляксандра Калупайла. Валейбол стаў для іх не проста хобі, а любімай справай.
Знайсці адказы на многія пытанні жыцця спрабуе ў гісторыі і грамадазнаўстве Вераніка Гусла, якая неаднойчы станавілася прызёрам алімпіяд па гэтых прадметах. Будучая зорка цяжкай атлетыкі – Ксенія Галаўчук. А вось Паліна Юшкевіч цікавіцца замежнай мовай, ганарыцца тым, што можа чытаць кнігі на англійскай мове ў арыгінале. Добрай спадарожніцай жыцця выбралі сабе англійскую мову Юля Шумак, Ульяна Лось, Дар’я Лікрабава. Дзяўчаты не адзін раз станавіліся прызёрамі 2-га этапа рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Заўсёды з новымі ідэямі Даша Лікрабава, крэатыўная, творчая асоба і нязменны пераможца конкурсу «Свет праваслаўя». Пра яе падарожжы па родным краі ведаюць не толькі аднакласнікі, удзел у Міжнародным конкурсе «Мае геаграфічныя падарожжы» прынёс дыплом 3-й ступені. Не адстае ў крэатыўнасці ад Дашы і Анастасія Жушма. Яна знаходзіць час нават у адзінаццатым класе, каб стварыць «Зімовы горад» і паўдзельнічаць у выставе-конкурсе творчых работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вера Бэнда, Ірына Салдатава і Аляксандра Бязсілка не забудуць свае пачуцці падчас перамогі ў раённай ваенна-патрыятычнай гульні «Орлёнок». Анастасія Шушман ўмее зачараваць выкананнем песень на беларускай і на англійскай мовах, смела можа ўдзельнічаць у «Міс Беларусі», першыя спробы ўжо зроблены ў раённым конкурсе «Міс Восень». Палова класа паспяхова скончыла Іванаўскую харэаграфічную школу мастацтваў.
У маёй педагагічнай практыцы ваш выпуск асаблівы: 15 гімназістак і ні аднаго хлопца, чыста жаночая кампанія. Разумныя, спартыўныя, таленавітыя, актывісты і прапагандысты здаровага ладу жыцця, крэатыўныя, цікаўныя, неабыякавыя, здольныя прыйсці на дапамогу, падтрымаць. Дзякуй вам за тое, што не давалі сумаваць, не давалі згаснуць, растварыцца ў мітусні спраў.
Ніколі не думала, што так няпроста будзе рабіць высновы, дапісваць наша апошняе сачыненне. Шчымліва і хвалююча. Многа было на нашым шляху і калдобін, і ўзгоркаў, многа было радасці і суму, былі хвіліны надзеі і расчаравання, былі крыўда і поспех. Бо без гэтага немагчыма, не бывае лёгкага і салодкага жыцця без выпрабаванняў. І трэба ўмець прымаць усе падарункі лёсу. Да такога вываду мы прыйшлі з вамі, пры напісанні сачынення пра шчаслівага чалавека.
Я думаю, не раз вы бачылі, як вяртаюцца птушкі з выраю. Колькі мужнасці, і жадання вярнуцца ў родныя мясціны! Іх імкненню і хуткасці палёту можна толькі пазайздросціць, бо гаворка ідзе пра дарогу дадому. Вось і вы, да якіх бы вышынь ні падняліся, у якім бы месцы зямлі ні жылі, вяртайцеся дадому, да сваіх вытокаў, шануйце тое самае святое ў жыцці кожнага чалавека – бацькоў,
родны дом і Радзіму.
З павагай і любоўю класны кіраўнік
11 «Б» класа гімназіі
Алена Васільеўна Варанкова.