
Апошні раз у клас
Учора ў 25 школах раёна прайшлі ўрачыстасці з нагоды заканчэння вучэбнага года. Для 350 выпускнікоў гэтае мерапрыемства стала знакавым – апошні званок завяршыў іх школьнае жыццё. Адметна, што лінейкі ў большасці школ Іванаўшчыны праводзіліся на беларусскай мове ў гонар Года малой Радзімы.
І калі большасць вучняў з першага чэрвеня ідзе на канікулы, то рабятам, якія скончылі 9 і 11 класаў, не да адпачынку: наперадзе іх чакаюць іспыты. Яны пройдуць у школах з 1 па 8 чэрвеня. Дзевяцікласнікі правераць свае веды па беларускай і рускай мовах і матэматыцы. У выпускнікоў будзе чатыры абавязковыя іспыты: беларуская ці руская мова (па выбары), матэматыка, замежная мова і гісторыя Беларусі. Пасля – атрыманне атэстатаў і выпускны баль, цэнтралізаванае тэставанне (яно, дарэчы, пройдзе з 11 чэрвеня па 1 ліпеня). Апошнім крокам стане падача дакументаў у сярэдне-спецыяльныя ці вышэйшыя ўстановы адукацыі. Лета для выпускнікоў будзе па-сапраўднаму гарачым.
Але гэта пазней, а пакуль – лінейкі, для кагосьці апошнія, для кагосьці чарговыя. Правесці гэтае свята разам са школьнікамі прыйшлі іх бацькі, настаўнікі, дырэкцыя навучальных устаноў. Як і заўжды, свае пажаданні вучням і выпускнікам выказалі ганаровыя госці: прадстаўнікі і кіраўніцтва райвыканкама і арганізацый раёна, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі аддзела па адукацыі. У гэтым традыцыйным моманце ўпершыню прыняў удзел новы старшыня райвыканкама А.У. Ткачук. Сваё выступленне Анатолій Уладзіміравіч адрасаваў прысутным у Дастоеўскай сярэдняй школе імя Ф.М.Дастаеўскага. Разам з ім гэтую навучальную ўстанову наведаў Сяргей Анатольевіч Варуха, кіраўнік аддзела па адукацыі.
– Дастаеўскага, Дастоева і Дастоеўскую школу ведаюць многія за межамі Рэспублікі Беларусь, і гэта прыемна. Таму спадзяюся, что вы, выпускнікі, будзеце годна несці званне выпускнікоў Дастоеўскай школы. Так, на вашым жыццёвым шляху будуць цяжкасці, але я веру, што вы іх пераадолееце: вас добра падрыхтавалі бацькі і педагогі, – адзначыў А.У. Ткачук, які сам 40 гадоў таму таксама пайшоў у вялікае жыццё са сцен Дастоеўскай школы.
На лінейках падводзяцца вынікі працы за 2018/2019 навучальны год, лепшым вучням уручаюць узнагароды – граматы і дыпломы, выказваюць словы падзякі.
За ўрачыстай цырымоніяй назіраюць усхваляваныя бацькі. Іх перапаўняе гонар.
Для выпускнікоў жа гэта падвядзенне вынікаў за ўсё адзінаццацігадовае школьнае жыццё. Па папярэдняй інфармацыі, сёлета васямнаццаць выдатнікаў вучобы атрымаюць залатыя медалі. Найбольшая колькасць з іх – трынаццаць медалёў – у гарадскіх школах, яшчэ пяць – у Яечкавіцкай, Дастоеўскай, Мотальскай школах, Мотальскім і Сачыўкаўскім ВПК.
Ужо заўтра – першы іспыт. Жадаем выпускнікам здаць яго і ўсе астатнія на выдатна. Але самае галоўнае, каб вы, выпускнікі, зрабілі правільны выбар напрамку, у якім пойдзеце ў будучыню.
Яніна ГАРАДЗЕЦКАЯ.
Фота аўтара, Настассі МІШКАВЕЦ, Валерыя МІХАЛЬЧУКА.