
Алімпіяда — гэта неацэнны вопыт
Сталі вядомы вынікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якая праходзіла па 18 вучэбных прадметах на вясенніх канікулах у розных беларускіх гарадах. Іванаўскі раён на спаборніцтве прадстаўлялі чатыры навучэнцы гарадскіх устаноў адукацыі: гімназісты Ганна Чычук і Аляксей Рэська (хімія), Ніна Мітрафанава (біялогія), Анастасія Бухта (геаграфія, СШ №4 г. Іванава).
Заключны этап праходзіў па прынцыпе абласнога – складаўся з тэарэтычнага і практычнага тураў. Географы, якія ў дадатак выконвалі мульцімедыйны тэст, змагаліся за перамогу ў Гродне, хімікі – у Віцебску. Для Ганны Чычук, якая ўжо абрала сабе прафесію (дзяўчына хоча стаць правізарам), знаёмства з паўночнай сталіцай Беларусі можа стаць лёсавызначальным. На сённяшні дзень гэтых спецыялістаў рыхтуюць толькі ў дзвюх медыцынскіх ВНУ краіны – у Мінску і Віцебску.
У першы дзень удзельнікі алімпіяды па хіміі выконвалі тэарэтычны тэст (на працягу 45 хвілін), які складаўся з дваццаці пытанняў, а таксама рашалі пяць задач (на гэта адводзілася 4 гадзіны і 15 хвілін). За тэст Ганна набрала дваццаць два балы з трыццаці магчымых. На другі дзень іванаўская разумніца выконвала заданні практычнага тура. Агульны вынік Ганны Чычук – 143,86 балаў. Такім чынам, большасць балаў налічвалася за правільнае рашэнне задач па хіміі. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды Ганна Чычук узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені (6-е месца).
– Я і настаўніца Ала Таболіна задаволены маім выступленнем на алімпіядзе. Цяпер хай і не так інтэнсіўна, але працягваю займацца хіміяй. У наступным годзе планую ўдзельнічаць у алімпіядзе. Дакараю сябе за тое, што лаяльна адносілася да тэорыі. Крыўдна крыху і таму, што ў мінулыя гады Дыплом ІІ ступені атрымлівалі вучні, якія займалі шостае, сёмае і восьмае месцы на заключным этапе, – падзялілася думкамі Ганна.
Анастасія Бухта – уладальніца пахвальнага водзыва па геаграфіі. Вучаніца СШ №4 расказала, што тэорыя складалася з чатырох блокаў – па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Практычны тур складаўся з палявога этапу і камеральнага. На палявым этапе навучэнцам неабходна было вывучыць участак гістарычнага цэнтра Гродна і параўнаць сучасны стан мясцовасці з аэрафотаздымкам часоў Другой сусветнай вайны, абследаваць характар забудовы гэтага ўчастка, вызначыць функцыянальныя асаблівасці будынкаў і збудаванняў, выявіць гістарычна-культурныя аб'екты і інфраструктуры абслугоўвання турызму.
– На камеральным этапе нам трэба было стварыць ментальную карту абследаванага ўчастка, выканаць SWOT-аналіз яго турысцкага патэнцыялу, зрабіць праект удасканалення сацыяльнай і турысцкай інфраструктуры, распрацаваць экскурсійны маршрут культурна-пазнавальнага характару,– расказала
А. Бухта.
Заўважым, хаця ў Анастасіі не ўсё атрымалася ў тэарэтычным туры, выкананыя ёю практычныя заданні (за іх яна набрала 48 з 65 балаў) былі лепшымі сярод 35 удзельнікаў.
І Ганна, і Анастасія лічаць, што алімпіяда – гэта неацэнны вопыт у атрыманні ведаў. Удзел у спаборніцтве таксама дорыць новыя цікавыя знаёмствы, развівае стрэсаўстойлівасць, увогуле загартоўвае асобу на добрыя дасягненні ў будучым.
Наталля Крывецкая.