Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Шчаслівыя разам

У сяброўскім гурце дзяўчаткі нярэдка абмяркоўвалі тэму інтрыгуючай будучыні. І ў гэтым заўтрашнім часе Вольга бачыла сябе матуляй трох дзетак: двух дачок і сына.

Свайго суджанага сустрэла на дыскатэцы. Сямнаццацігадовы юнак вылучаўся ўраўнаважанасцю, адчувалася ў ім нейкая грунтоўнасць, на-
дзейнасць. Праз год закаханыя стварылі сям’ю. І думкі, якія яшчэ ўчора былі малаакрэсленымі марамі-летуценнямі, сталі ўвасабляцца ў светлую яву: нарадзіліся дачушкі Ангелінка, Ганначка.
– Асаблівых складанасцей з выхаваннем дзяцей я не адчувала, – прызнаецца Вольга Міхайлаўна. – Побач заўсёды быў клапатлівы муж. Яго моцнае плячо, падтрымка аберагалі ад бытавой неўладкаванасці і згрызот. За гады сумеснага жыцця назапасілі пэўную суму зберажэнняў. Прыдбалі дом у Трылісках. Неўзабаве нарадзіўся сынок Дзімка, а праз тры гады – Веранічка. Хацелася, каб у сыночка быў брацік, – з’явіўся на свет наш Яраслаў, якому зараз тры з паловай гадочкі. Усе нашы дзеці жаданыя, любімыя і непаўторныя. З падтрымкай з боку дзяржавы мы набылі кватэру ў райцэнтры, будуем дом у в. Ляскавічы.
Будні шматдзетнай сям’і пралятаюць у паўсядзённых клопатах. Андрэй Аляксандравіч працуе начным вартаўніком у Дружылавіцкай школе. Такі распарадак дазваляе мужчыне больш часу
ўдзяляць добраўпарадкаванню прысядзібнай зямлі, дзе вырошчваюцца маліна, ажына, клубніцы. Увогуле ж, на ўгоддзях шчыруе ўся сям’я. Бацькі лічаць, што менавіта далучэнне дзяцей да працы з’яўляецца дзейсным метадам выхавання, да таго ж набытыя ўменні стануць трывалым падмуркам у самастойным жыцці.
– Дзеці пачынаюць разумець цану працы, каштоўнасць грошай, – тлумачыць Вольга Міхайлаўна. – Гэта праяўляецца ў разумным стаўленні да выдаткаў. Канешне, на першым плане ў маіх школьнікаў – вучоба, а пераважна ў канікулярны час яны з задавальненнем далучаюцца да сямейнай справы, заробленыя ўласнымі рукамі сродкі даюць ім магчымасць ажыццявіць свае запаветныя жаданні.
Узнагароджанне Вольгі Міхайлаўны ордэнам Маці – падзея важная і адметная для кожнага прадстаўніка вялікага і дружнага сямейства і кожны з іх у нейкім сэнсе спрычынены да яе, бо толькі разам яны – прыстойная сям’я, толькі разам моцныя, упэўненыя ў сабе і па-сапраўднаму шчаслівыя.