Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Добрая, пяшчотная, прыгожая

Так з любасцю называюць сваю матулечку пяцёра крывінак Алены Сяргееўны Цыральчук.

Для сваёй адзінай і непаўторнай яны не шкадуюць трапяткіх пачуццяў і ласкавых слоў. З прызнанняў у любові пачынаецца кожная раніца ў хаце, імі ж завяршаецца дзень. Абаўюць цёплыя ручаняты маміну шыю, даверліва прыгорнуцца дзеткі да маці – і сэрца жанчыны замірае ад замілавання: «Вось яно, сапраўднае шчасце, працяг жыцця і сэнс яго!».
Алена Сяргееўна і яе муж Юрый Уладзіміравіч выраслі ў шматдзетных сем’ях. Таму, калі пажаніліся, вырашылі, што тая хата жыве паўнавартасным жыццём, дзе гучыць шматгалосы дзіцячы смех.
Вяселле закаханыя згулялі трынаццаць гадоў таму, акурат у дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, і лічаць, што заступніцтвам Царыцы Нябеснай аберагаецца іх шчаслівы свет.
– На першым часе не планавалі пяцярых, – прызнаецца Алена Сяргееўна. – Чатырох, лічылі, дастаткова. Купілі сядзібу ў в. Сухое. Месца надта цудоўнае. Амаль на ўскраіне пасялення. Прастор шырокі. Цішыня навокал. Не чутна гулу машын. За дзетак не трэба было асабліва непакоіцца, што ненарокам на дарогу выбегуць. А тут яшчэ дзяржава прадаставіла падтрымку на рэканструкцыю жылля. Бачылі, што ва ўтульнай хаце дзеткам жывецца хораша – нарадзіўся наш самы маленькі. Калі так будзе заўгодна Богу, то й ад шостага дзіцятка не адракуся.
Кожнае дзіця знаходзіць у матулі падтрымку і суцяшэнне, а калі й азмрочацца дзе-калі твары хмурынкай непаразумення, то хапае ў родных людзей павагі і збачэння адзін да аднаго, каб дараваць, каб у сэрцах зноў заззяла лагоднае сонейка. Ангелінка, Максімка, Волечка, Ванечка і Дзімка – кожнае дзіця найвялікшы матчын скарб. І хоць, як сцвярджае жанчына, яны вельмі розныя – па захапленнях, характарах, найлепшым сродкам выхавання з’яўляецца маміна любоў. У працэсе выхавання іншым разам патрабуецца прыправіць яе ноткай строгасці. У такіх выпадках прыходзіць на выручку аўтарытэтнае, сур’ёзнае слова Юрыя Уладзіміравіча.
Муж і жонка працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве «Бакунова». Працоўныя будні яны навучыліся гарманічна спалучаць з бацькоўскімі абавязкамі і хатнімі клопатамі. На ўласным падворку гаспадары трымаюць шмат жыўнасці: козы і свінні, качкі і куры.
– Як Вы адчуваеце сябе ў гэтым няспынным кругавароце спраў, – пытаюся.
– Пачуваюся добра, як рыба ў вадзе, – смяецца жанчына. – Муж – надзейная апора і падтрымка. А яшчэ дапамагаюць дзеці. Яны і ў хаце прыбяруць, і адзін аднаму паспрыяюць з урокамі, і посуд памыюць. Я шчаслівая жанчына, шчаслівая матуля, і ордэн Маці – яшчэ адно яскравае пацвярджэнне таму. Дзякуй дзяржаве за высокую ацэнку мацярынства.

 Ірына Саломка.