Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

З глыбінь вякоў бярэ выток крыніца творчасці народнай

Колы аўтамабіля імкліва шархацелі па дарожным пакрыцці. І вось ужо праз шэраватую смугу праступілі абрысы знакавага слупа з назваю населенага пункта - Моталь. У гэты непаўторны, самабытны куточак Іванаўшчыны прывяла нас прыемная нагода.
З мэтаю рэалізацыі прыярытэтных задач нацыянальнай культурнай палітыкі, стратэгічных арыенціраў Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады праводзіцца рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы клубных устаноў аграгарадкоў “Клуб года”.

 

У межах першага (абласнога) этапа на разгляд камісіі аддзелам культуры Іванаўскага райвыканкама ў абласное ўпраўленне культуры была накіравана заяўка на ўдзел у мерапрыемстве Мотальскага сельскага Дома культуры з прадастаўленнем  інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў аб дзейнасці згаданай установы, пры ацэнцы якіх камісіяй адзначаны высокі ўзровень інфармацыйна-ідэалагічнай работы ўстановы з усімі катэгорыямі насельніцтва, актыўнасці ў рэгіянальных дзяржаўных культурна-відовішчных мерапрыемствах, дзейнасць у дапамогу сельскагаспадарчай вытворчасці, творчая праца гурткоў, калектываў аматарскай творчасці, пераемнасць традыцыйнага мастацтва, пашырэнне спектру і якасці паслуг у сферы культуры насельніцтву, стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы культуры.
Па меркаванні кампетэнтнай і патрабавальнай камісіі, партфоліа Мотальскага Дома культуры аказалася годным таго, каб быць прадстаўленым для ўдзелу ў другім (рэспубліканскім) этапе агляду-конкурсу.
Такая прыемная акалічнасць і стала нагодай для нашай творчай камандзіроўкі ў Моталь. Менавіта ў гэты дзень у местачковы Дом культуры накіроўвалася выязная камісія са сталіцы, у склад якой увайшлі Лілія Фамінічна Жмачынская, намеснік начальніка аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут культуры Беларусі”, Аксана Веньямінаўна Катовіч, дацэнт кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін інстытута культуры , Мікалай Мікалаевіч Каралёў, дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат педагагагічных навук, дацэнт, Аляксандр Іванавіч Сцепанцоў, загадчык кафедры менеджмента сацыякультурнай сферы ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

 

“Мы до вас з душою,

з сонцэм і росою”…


Гасціннай песняй і, канешне ж, хлебам-соллю на тканым ручніку віталі шаноўных гасцей апранутыя ў нацыянальнае адзенне артысты. Шчымліва-пяшчотнае “мы до вас з душою, з сонцэм і росою” далікатна краналася душы, будзіла ў ёй трапяткія стрункі нашай нацыянальнай і чалавечай крэўнасці.
Сустракалі высокую дэлегацыю  дырэктар Мотальскага Дома культуры Вольга Кульбеда, начальнік аддзела культуры райвыканкама Уладзімір Шэляговіч, старшыня Мотальскага сельвыканкама Аляксандр  Шыкалай, намеснік старшыні ААТ “Агра-Моталь” Сяргей Піліповіч.
У гэты дзень увазе камісіі была прадстаўлена разнастайная творчая праграма, у рамках якой свой высокі выканальніцкі ўзровень прадэманстравалі ўсе калектывы клубнай установы, госці пазнаёміліся з работамі народных умельцаў, наведалі мотальскі музей народнай творчасці, карцінную галерэю ў музейным комплексе ў Варацэвічах, школу бондарства, пабывалі на аграсядзібе “Вілы” (гаспадыня Валянціна Застроўская) і шчыра захапляліся абрадам “Радзіны”, выкананым калектывам “Залядынская гамонка”.

Тут дух майстроў…


Багатую выставу мотальскіх майстроў народнай творчасці прадставілі ўвазе гасцей мясцовыя работнікі культуры, аздобіўшы яе цікавым і надзвычай пазнавальным экскурсам у гісторыю.
Пачалася віртуальная вандроўка па прасторах часу аповедам пра мотальскае ткацтва, якое (дарэчы, яно, па словах Марыі Ксёнды, галоўнага захавальніка Мотальскага музея народнай творчасці, з’яўляецца эталонам ткацтва на Беларусі) стала неад’емнай часткай жыццёвага ўкладу местачкоўцаў. І ў наш камп’ютарны век у хатах маталян можна ўбачыць колішнія ткацкія станкі.
Вырабы ткацтва развіваліся пад уплывам павеваў часу. Да прыкладу, у канцы 19-пачатку 20 стст. тканыя ручнікі былі простыя, сціплыя. І што дзіўна, на выраб карункаў (іх плялі з нітак асновы вузельчыкавым спосабам) затрачвалася больш часу, чым на выраб самога ручніка.
У пасляваенны час, калі на сваіх участках перасталі вырошчваць лён, ткацтва перайшло на сучасную сыравіну: пачалі выкарыстоўваць баваўняныя ніткі. Карункі з сярэдзіны 20 ст. сталі плесці кручком з абавязковым арнаментам.
Дэкор мотальскіх ручнікоў змяшчаецца да краёў выраба, і яшчэ адна асаблівасць – у мотальскім ткацтве ніколі не ўдзельнічала вышыўка.
Што ж тычыцца вышыўкі, то ў маталян яна  яркая, насычаная, каларытная. Ёю вельмі захапляецца сучасная моладзь, пераймаючы сакрэты майстэрства ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення.
Дзівуючыся бязмежнай фантазіяй, умельствам і працавітасцю майстроў, падумалася: “Ці не гэтымі вось ручнікамі выслана сцяжына памяці, якая працягнулася ад таленавітых продкаў да не меней таленавітых іх нашчадкаў?”
Носьбіт фальклору і рамёстваў Любоў Іванаўна Каткавец падчас экскурсіі, седзячы за прасніцай (у Моталі не выкарыстоўваліся калаўроты), распавяла аб тым, як адбываўся гэты працэс (нават прадэманстравала яго!), і выканала песню-карацельку, якую ў былыя часы спявалі папрадухі.
Апавядаючы аб мотальскіх майстрах, немагчыма абмінуць увагай такую адметную, слынную на ўсю Беларусь справу, як пашыў мотальскіх кажухоў.
У 70-80-я гг. адбываўся сапраўдны кажушны бум: кажухі шылі ў кожнай хаце, у мястэчка прыязджалі заказчыкі з усіх рэгіёнаў былога СССР.
Гэта быў даволі прыбытковы бізнес. Паколькі на той час кустарная вытворчасць не заахвочвалася - людзі працавалі ў калгасе, маталяне толькі вечарамі і начамі займаліся пашывам.
Што цікава: сыравіны для кажухоў у Моталі не было (авечкагадоўля – не традыцыйны для мясцовасці занятак), ехалі па аўчыны ў суседнія расійскія вобласці.
З даўніх часоў у Моталі быў распаўсюджаны такі від мастацтва, як пляценне з саломы.
Калісь з саломы плялі скрынкі, шыяны, асьміны для захавання зерня, круп, мукі. Цяпер жа, калі патрэба ў гэтым адпала, на змену прадметам утылітарнага прызначэння прыйшлі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх з задавальненнем вырабляюць юныя маталяне падчас заняткаў у гуртках па саломапляценні.
Кожны экспанат выставы нёс выразны адбітак душы майстра.
Настаўніца адной з мотальскіх школ, кіраўнік гуртка Галіна Саргееўна Васілевіч, правяла для гасцей майстар-клас і на памяць аб сустрэчы падарыла ім саламяныя падковы, якія лічацца абярэгам ад нячыстай сілы і сімвалам удачы.

Песняю край услаўляюць


Усе трынаццаць клубных фарміраванняў прадэманстравалі камісіі сваё майстэрства. Сярод іх фальклорна-этнаграфічны тэатр “Мотальскія суседкі”, які на працягу шэрагу гадоў аб’ядноўвае жанчын, улюбёных у народную песню, народныя ансамблі народнай песні “Мотальскія мужыкі” і “Ярыца”, дзіцячыя вакальныя ансамблі “Калейдаскоп” і “Сонейка”, маладзёжны творчы калектыў “Крутыя”, ансамбль гарманістаў “Іграй, гармонік”. Кіраўнік ансамбля Васіль Юхнік навучае сваіх выхаванцаў майстэрству ігры на гармоніку без нот, па слыху. Трэба ўвачавідкі бачыць юных гарманістаў, каб зразумець, што за дзіва гэты калектыў. Кожны выканаўца непаўторны, са сваімі адметнымі, толькі яму ўласцівымі якасцямі (знешнасцю, характарам, выканальніцкай манерай). Як зараз бачу надзвычай прываблівага (вачэй не адвесці) гарманіста: хударлявы хлапчук у палатнянай кашулі, якая пад цяжарам гармоніка з’язджае з вострага плечыка, саламяны капялюш прыкрывае хітраватыя шустрыя вочы, што з цікаўнасцю “страляюць” па баках. Твар!.. Само сонейка! Увесь усеяны мілымі вяснушкамі! Такі твар, нават набываючы сур’ёзны выраз, усё роўна ўсміхаецца. Праменьчыкі вяснушак, хочаш – не хочаш, пранікнуць у сэрца, а калі яшчэ спрытныя пальчыкі прабягуцца па кнопачках гармоніка!..

“Высокы стогы на дворі, шчэ вышшый коровай на столі”

Незабыўнай была экскурсія ў абрадавую хаціну, дзе ўдзельнікі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Мотальскія суседкі” па-майстэрску, з веданнем справы правялі абрад упрыгожання вясельнага каравая. Нездарма два гады таму маталяне атрымалі гранд па лініі ААН, каб мець магчымасць паказваць гэты абрад у яго першародным выглядзе.
Узнікшы ў язычніцкія часы, каравайны чын пазней увабраў у сябе яшчэ і хрысціянскія традыцыі. Два светапогляды, цесна пераплёўшыся, адлюстраваліся ў абрадзе.Таму ў каравайных песнях і анёлаў запрашалі на дапамогу ў выпяканні вясельнага хлеба, і татэма-мядзведзя выклікалі для дзяльбы каравая.
Апранутыя ў мотальскія строі каравайніцы на працягу ўсяго працэсу выпякання хлеба хораша апявалі яго, песні перамяжоўваліся з дасціпнымі жартамі, вясёлымі анекдотамі, прыказкамі. Разам з тым, ішоў аповед аб асаблівасцях абрада. Аказваецца, каравай пяклі і ўпрыгожвалі толькі жанчыны, абавязкова шчаслівыя ў шлюбе.
Яшчэ адзін цікавы момант – закліканне кавалёў. Гэта была цэлая тэатралізаваная дзея: раджаныя кавалі ішлі па вуліцы, дзеці, заўважыўшы іх, убягалі ў хату з крыкам: “Кавалі ідуць! Кавалі ідуць!”. Жанчыны пачыналі спяваць, заклікаючы кавалёў у хату, бо каравай падчас “сядзення” ў печы мог вырасці да такіх памераў (гэта лічылася надзвычай добрай прыкметай), што не мог вылезці праз пячны ўваход. Вось і прыходзілася разбіраць печ. І рабілі гэта кавалі.
Упрыгожваць каравай - таксама цэлая навука. Кожная, здавалася б, дробязь заключала ў сабе глыбокі сэнс. А ён у тым, каб у маладой пары сфарміравалася шчаслівая, моцная сям’я. Таму нічога выпадковага, непрадуманага ў абрадзе не было.
Напрыклад, выпечаная з мукі каса, што аздабляе каравай, - гэта сімвал спляцення двух родаў (жаніха і нявесты).
Каравай пасля выкупання выносілі ў клець, дзе ён стаяў да трэцяга вясельнага дня (да дзяльбы).
Удзельнікі каравайнага чыну ішлі ў хату - і ўсчыналіся скокі ды каравайная вячэра, якія пачыналіся з традыцыйнага зачыну кожнага вяселля: “Ой, дай, Божэ, у добрый час, як у людэй, так і ў нас. Шчаслыва годына – высылыса родына.”

P.S. Для пераможцаў рэспубліканскага этапа конкурсу вызначаны тры прызавыя месцы. Заахвочвальная прэмія можа быць выкарыстана на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы: набыццё тэхнічных сродкаў, гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры, сцэнічных касцюмаў, музычных інструментаў.
Выязная камісія дала высокую ацэнку дзейнасці культурнай установы. Канчатковыя ж вынікі конкурсу будуць падведзены 15 кастрычніка.

Ірына САЛОМКА.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

У Вас недостаточно прав для добавления комментариев. Возможно, Вам необходимо зарегистрироваться на сайте.