Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Выспела жніво пад мірным небам

Млее ў полі чэрвеньская спёка. Акропленыя сонечнымі промнямі, хінуцца долу абцяжэлыя каласы.

Блажэнным спакоем вее ад залацістай нівы і ўвогуле ад усяго неабсяжнага далягляду, на далёкім небасхіле падперазанага малахітавым шнурам лесу, а з процілеглага боку – нешырокай палявой дарогай ды аксамітнымі травамі. Аднак цішыня гэтая падманлівая. Праз нейкія імгненні да слыху даносіцца ледзь улоўны гул тэхнікі, які з кожнай хвілінай становіцца больш выразным. Неўзабаве на фоне сонечнага краявіду вымалёўваюцца велічныя камбайны і магутныя МАЗы – распачалося жніво.

Аднымі з першых жніўныя баталіі на Іванаўшчыне распачалі хлебаробы ААТ «Дастоева», чыя збожжаўборачная тэхніка накіравалася на каласістыя нівы 27 чэрвеня.
– Малоцім азімы ячмень, – інфармуе галоўны аграном гаспадаркі Алег Памазанскі. – Культура вырошчвалася на 350 гектарах. Усяго ж сёлета стаіць задача
ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на 2200 га ўгоддзяў.
Ва ўрочышчы «За беразняком» жніво неверагодна гарачае. Канечне, у немалой ступені такое адчуванне складваецца з прычыны таго, што ў прыродзе ўсталявалася сапраўдная летняя спёка – больш за трыццаць градусаў са знакам плюс паказваюць тэрмометры. Акрамя таго, жніво само па сабе – час надзвычай напружаны, клопатны, калі ад працы літаральна горача.
Пад жаткі паслухмяна кла-
дзецца цяжкое калоссе. Там, дзе яшчэ некалькі хвілін таму поле высцілаў залацісты паркаль, цяпер калючым вожыкам застыла свежая пожня з пышнымі валкамі саломы. У розных куточках поля можна назіраць, як з бункераў камбайнаў у кузавы МАЗаў густым патокам перасыпаецца ячменнае зерне. У паветры плыве ледзь улоўны саладкаваты водар хлеба. Бліскучымі матылямі разлятаюцца над абшарамі малюсенькія саламяныя іскрынкі ды зерневы пыл.
– Стараемся рацыянальна распарадзіцца кожным спрыяльным днём, – разважае Алег Сцяпанавіч, – бо неўзабаве гідрамет прагназуе дажджы. Надвор’е – рэч непрадказальная і вельмі зменлівая. Пад яго вымушаны падстройвацца і сабраць ураджай без страт. На нівах працуюць восем камбайнаў пад упраўленнем вопытных прафесіяналаў: Івана Міхнаўца, Сяргея Бартоша, Сцяпана Макушыка, Юрыя Дзямковіча, Мікалая Саманюка і інш. На зернеток паступае зерне аптымальнай вільготнасці. Яго, па вялікім рахунку, і сушыць не даводзіцца: прадуваем гарачым паветрам і – у засекі. З кожнага гектара ячменнай нівы маем больш за сорак цэнтнераў збожжа.
– На ніву ідзём, як на свята, – далучаецца да размовы камбайнер Іван Міхнавец. – Радасць на душы – выспела жніво! Да хлеба адносіны асабліва пачцівыя. Натхненне невычэрпнае. Хочацца праца-
ваць дзеля дабрабыту сваіх дзяцей
(іх у мужчыны трое, – заўвага аўт.), дзеля любай жонкі, вялікай і малой Радзімы.
Ленавацца не дазваляе сумленне, адзначаюць вадзіцелі Дзяніс Галяк і Сяргей Галёта, якія першы сезон працуюць на новых МАЗах.
– Мы з Дастоева – і гэтым усё сказана, – заяўляе Дзяніс Сяргеевіч. У голасе яго гучыць гонар за родны куточак. – Жніво з Божай дапамогай правядзём як след – будзем з хлебам!
Ячменная ніва выпраменьвае нейкае асаблівае святло. Не, праўдзівей кажучы, нават не святло, а ўрачыстую святлынь. Бо справа тут не толькі ў шчодрым ззянні сонечным, а ў трапяткім душэўным адчуванні важнасці моманту, калі думы будзённыя, зямныя сягаюць да нябёс і сэрца просіць малітоўна – так, як некалі малілі і нашы мудрыя продкі падчас зажынак: «Благаславі, Божа, збожжа зжаці!»…

dostoevo-uborka-1

dostoevo-uborka-2

dostoevo-uborka-3

dostoevo-uborka-5

dostoevo-uborka-6

 Ірына Саломка.