Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Сем «Я» Яечкавіцкай школы

Канец мая – гэта заўсёды пара асаблівых пачуццяў. Для выпускнікоў 11 класа гэта час пяшчотнага суму, светлых надзей і трапяткога чакання новага, нязведанага.

За плячыма засталіся гады, якія можна назваць першым важным жыццёвым этапам. Гэта першыя словы і дыктанты, складаныя кантрольныя, спартыўныя перамогі і паражэнні, нясмелыя сімпатыі і, канечне, моцная дружба.
Сёлета сцены роднай Яечкавіцкай сярэдняй школы пакідаюць 6 вучняў. Гэтыя рабяты вельмі розныя, у кожнага свае інтарэсы, густы, перавагі, але разам яны – аднакласнікі, або сем «Я»: шасцёра выхаванцаў і класны кіраўнік. Разам вучыліся, дабіваліся поспехаў, радаваліся перамогам і дасягненням, перажывалі і падтрымлівалі адзін аднаго, калі гэта было неабходна.
Творчай індывідуальнасцю і заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу вылучаецца Ксенія Ілюшына. Наўрад ці знойдзецца справа, у якой не ўдзельнічала б гэтая абаяльная дзяўчына. Яна заўсёды абараняла гонар класа, школы і раёна на мерапрыемствах рознай накіраванасці: як грамадска-культурных, так і спартыўных. Апошнія яе дасягненні – дыплом II ступені на II этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», а таксама Ксенія з’яўляецца прызёрам абласнога этапу Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». Нельга не адзначыць і ролю гэтай дзяўчыны ў дзейнасці школьнага клуба «Патрыёт».
Вікторыя Раманюк заўсёды была ў ліку першых у агульнашкольным рэйтынгу па вучобе. Яна з’яўляецца ўдзельніцай і пераможцай II этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Грамадазнаўства», пераможцай раённай алімпіяды па прававых ведах.
На рахунку Ульяны Вайтовіч – шматлікія спартыўныя перамогі. Заўсёды дзяўчына паказвала высокія рэзультаты ў лёгкай атлетыцы. Вось і ў апошнім раённым першынстве ў рамках 80-ай спартакіяды школьнікаў у Ульяны – 3 узнагароды. Удзельнічала яна і ў алімпіядзе па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура».
А Настасся Чаплюк абараняла гонар школы на спаборніцтвах па матэматыцы і фізіцы, заўсёды з задавальненнем ішла «на замену» настаўніка ў дні школьнага самакіравання. І таму будучую прафесію гэтая добрая і спагадлівая дзяўчына абрала сабе, канечне, настаўніцкую. Плануе паступаць у педагагічны ўніверсітэт.
І наша мужчынская палова і сіла – гэта Дзмітрый Кірылюк і Яраслаў Міхалік, працалюбівыя і надзейныя хлопцы. Дзмітрый мае добрыя фізічныя паказчыкі, не раз паспяхова выступаў ў раённых спартыўных спаборніцтвах. Яраслаў – чалавек тэхнічнага складу, разважлівы і сур’ёзны. Іхнія словы – гэта справы – тое, што аб’ядноўвае хлопцаў.
У гэтых статных, прыгожых маладых людзей – пачатак новага жыццёвага этапу – галоўнага. Я веру ў сваіх вучняў, бо яны энергічныя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя. Усім шчаслівага шляху! Няхай ён будзе мірным і светлым.


Святлана Мікалаеўна Калодзіч,
класны кіраўнік.