У музеі Напалеона Орды 9 ліпеня адкрыецца ўнікальная выстава
З 9 ліпеня па 2 жніўня ў ДУК «Раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды» ў вёсцы Варацэвічы будзе працаваць часовая экспазіцыя «Скарбы з бабулінага куфра». Выстаўка будзе размешчана на другім паверсе музея, яна складаецца з фондавых калекцый і ўяўляе сабой сапраўднае падарожжа ў часе.
Наведвальнікі змогуць убачыць аўтэнтычныя ручнікі і вышыванкі, створаныя таленавітымі мясцовымі майстрыхамі ў перыяд з пачатку XX стагоддзя і да сённяшніх дзён. Экспазіцыя наглядна дэманструе багацце традыцый Іванаўшчыны: тут сабраны самабытныя работы ўмельцаў з Іванава, Моталя, Опаля, Снітава і Адрыжына. Да ўвагі гасцей будуць прадстаўлены як вырабы, выкананыя ў тэхніцы чыстага ткацтва, так і больш складаныя экспанаты, якія гарманічна спалучаюць у сабе тканыя ўзоры і вышыўку.
Дакрануцца да жывой спадчыны краю і ўбачыць, як у нітках ажывае гісторыя Палесся, можна ў час работы музея. Наведванне экспазіцыі ажыццяўляецца па звычайнаму ўваходнаму квітку.