Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Будзень як свята

Жніво на Іванаўшчыне ў разгары. Пакуль аграрыі шчыруюць на каласістым прыволлі, карпатліва збіраючы вырашчаны ўраджай, работнікі культуры раёна карануюць хлебную ніву і напружаную працу хлебаробаў узнёслай шчырай песняй. Кожны будзень іх – своеасаблівае свята.


Вось і на бягучым тыдні вакальная група народнага ансамбля «Снітаўчанка» вітала мясцовых хлебаробаў на жніўным полі. У гэты дзень атрымалася як бы свята ў свяце: Святлана Багамаз, удзельніца калектыву, адзначала жыццёвы юбілей. З нагоды юбілейнай урачыстасці яе цёпла павіншавалі калегі.
– Святлана Мікалаеўна каля чатырох дзясяткаў гадоў працуе бібліятэкарам у сельскай бібліятэцы аг. Снітава, – расказалі яны. – На працягу свайго жыцця застаецца вернай абранай справе: у яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс. Святлана Мікалаеўна – вопытны прафесіянал, надзейная сяброўка, цудоўны чалавек.
«Мы ганарымся тым краем, дзе бусел застолле збірае», – плыла ў паднябессі натхнёная песня артыстаў. Міжволі хацелася дадаць: «І тымі людзьмі ганарымся, якім выпала місія адметная, пачэсная – асвячаць напружаныя будні светлымі імгненнямі радасці».

 Ірына Саломка.