Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Высокі подзвіг у імя Жыцця

    Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў Іванава на брацкай магіле ваеннапалонных, партызан і ахвяр фашызму на вуліцы Пушкіна прайшла ўрачыстая цырымонія перапахавання астанкаў двух членаў экіпажа савецкага бамбардзіроўшчыка Іл-4.

Магіла лётчыкаў, паветраных стралкоў 5-га гвардзейскага авіяцыйнага Севастопальскага палка далёкага дзеяння 50-й авіяцыйнай Крымскай дывізіі далёкага дзеяння гвардыі старшыны Івана Пятровіча Ахтырскага і гвардыі старшыны Аляксандра Васільевіча Сурдаленкі знаходзіцца справа ад абеліска. Перад перапахаваннем адбыўся мітынг, прысвечаны ахвярам фашызму, людзям, якія здзейснілі высокі подзвіг у імя Бацькаўшчыны і мірнага жыцця будучых пакаленняў. Ва ўрачыста-жалобным мерапрыемстве акрамя кіраўніцтва Іванаўскага райвыканкама, прадстаўнікоў ваеннага камісарыяту і духавенства Іванаўскага раёна, адміністрацыі і вучняў гарадскіх школ, жыхароў раёна прысутнічалі высокія госці — навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўнік навукова-даследчай групы ваеннай гісторыі «Рубон» Дзмітрый Кіенка, падпалкоўнік запасу, дацэнт кафедры авіяцыі, тэхнікі і ўзбраення Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ураджэнец Іванаўскага раёна Міхаіл Ганчарык, група шукальнікаў на чале з Сяргеем Лялюком, ветэраны 121-га гвардзейскага авіяпалка – аднапалчане загінуўшых лётчыкаў. Гонар несці сцяг дадзенага палка выпаў маёру ў адстаўцы Міхаілу Іванавічу Драні, які аддаў службе ў ім 27 год (1957-1984).
Словы ўсіх выступоўцаў былі вельмі кранальнымі.
– На тэрыторыі Іванаўшчыны знаходзяцца 60 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны. Вечны спачын у іх знайшлі 7030 чалавек, з якіх толькі чвэрць – вядомыя, а больш за пяць тысяч – гэта невядомыя імёны. Мы ганарымся тым, што дзякуючы пошукавай рабоце гісторыкаў, краязнаўцаў і энтузіястаў нават праз дзясяткі год удаецца высветліць імёны загінуўшых, знайсці і добраўпарадкаваць месцы пахавання герояў вайны. Дзякуючы агульным намаганням ужо тройчы палявыя і архіўныя работы многіх спецыялістаў далі плён. У 2017 годзе было ўстаноўлена імя члена экіпажа савецкага бамбардзіроўшчыка далёкага дзеяння Іл-4, які разбіўся 5 ліпеня 1944 г. каля в. Святополка. У 2018 годзе ўдалося высветліць імёны ўсіх загінуўшых членаў экіпажа савецкага бамбардзіроўшчыка ЛІ-2 (быў збіты ў ноч на 30 чэрвеня 1944 г. паблізу в. Дружылавічы). У мінулым годзе з зямлі недалёка ад вёскі Юхнавічы дасталі фрагменты савецкага бамбардзіроўшчыка Іл-4 і астанкі двух членаў экіпажа. Кожны салдат, які аддаў жыццё, абараняючы Радзіму, застаўся верным воінскаму абавязку і таму, лічу, заслугоўвае годныя праводзіны ў апошні шлях, – адзначыў старшыня Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Анатолій Ткачук.
Мужных лётчыкаў Івана Ахтырскага і Аляксандра Сурдаленка перапахавалі па хрысціянскіх традыцыях і з усімі воінскімі ўшанаваннямі: ротай ганаровай варты, аркестрам, трохразовым салютам. Ліцію па героях правёў протаіерэй храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Уладзімір Кавалевіч.
Лёсы Івана Ахтырскага і Аляксандра Сурдаленка падобныя. Абодва нарадзіліся ў 1919 годзе ў былой Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. На службу паступілі ў 1939 годзе. Былі паветранымі стралкамі 5-га гвардзейскага авіяцыйнага Севастопальскага палка. Выконваючы баявое заданне па бамбардзіроўцы чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі, у ноч з 14 на 15 ліпеня 1944 года іх самалёт быў збіты і ўпаў у лясным масіве каля вёскі Юхнавічы. Жыццё мужчын трагічна абарвалася за дзень да вызвалення Іванаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожнаму з лётчыкаў было па 25 год. Ні Ахтырскі, ні Сурдаленка не паспелі стварыць свае сем'і.
Устанавіць месца падзення самалёта Іл-4, а таксама імёны Івана Ахтырскага і Аляксандра Сурдаленкі ўдалося дзякуючы намаганням шукальнікаў-краязнаўцаў, ваеннаслужачых 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, ураджэнца Іванаўскага раёна, палкоўніка юстыцыі РФ, ветэрана Следчага камітэта, старшыні Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Сябры Падолля» Мікалая Гакалы, былога старшыні Іванаўскай раённай арганізацыі ветэранаў Васіля Куніцкага, супрацоўнікаў навукова-даследчай групы «Рубон», кіраўніцтва Іванаўскага райвыканкама, а таксама жыхароў нашага раёна.
– Увесну 2020 года інфармацыю наконт меркаванага месца падзення самалёта шукальнікам-валанцёрам паведаміла цяпер ужо нябожчыца Ірына Мартынаўна Ганчарык, якая пражывала ў вёсцы Пятровічы Іванаўскага раёна. Жанчыне на той час было 86 гадоў. Затым супрацоўнікі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства Абароны Рэспублікі Беларусь там правялі раскопкі. У зямлі былі знойдзены фрагменты Іл-4, а таксама астанкі двух членаў экіпажа, ордэн Айчыннай вайны І ступені. Праз чатыры месяцы з моманту каштоўных успамінаў Ірына Ганчарык памерла, – расказаў мясцовы краязнавец і шукальнік Сяргей Паўлавіч Лялюк.
Сваю справу зрабіў ваенны гісторык Дзмітрый Кіенка (кіраўнік групы «Рубон»), які аднавіў храналогію ліпеньскіх падзей 1944 года. Вучоны таксама рабіў запыт палкавых дакументаў у архіў Мінабароны РФ.

perezakhoronenie-letchikov-2


– У часе аперацыі «Баграціён» савецкая авіяцыя здзяйсняла масіраваныя ўдары па войску акупантаў. У ноч з 14 на 15 ліпеня 1944 года ў небе сучаснай Брэстчыны былі збіты тры бамбардзіроўшчыкі Іл-4. Дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі шукальнікамі было высветлена, што знойдзеныя фрагменты належаць самалёту камандзіра эскадрыллі маёра Івана Антонавіча Цітова. Яго экіпаж наносіў бомбавыя ўдары па войсках праціўніка ў раёне горада Янава ў названую дату, і, як сказана ў баявым данясенні «не вярнуўся з баявога задання». Самалёт Цітова быў збіты нямецкім знішчальнікам. Цітоў, штурманы Старасцін і Бузоўскі пакінулі самалёт на парашутах і засталіся ў жывых.
Асобу аднаго лётчыка, які загінуў тады, высветлілі па ордэне Айчыннай вайны I ступені. Узнагароду знайшлі на кавалачку спарахнелай ад часу гімнасцёркі, якая належала паветранаму стралку-радысту 5-га гвардзейскага авіяцыйнага палка далёкага дзеяння гвардыі старшыне Івану Пятровічу Ахтырскаму. Устанавіць імя гв. старшыны Аляксандра Сурдаленкі дапамаглі ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, – паведаміў Дзмітрый Генадзьевіч Кіенка.
Пасля быў перыяд пошуку родзічаў Івана Ахтырскага і Аляксандра Сурдаленкі. Пляменнікі Ахтырскага жывуць цяпер ва Украіне. Яны перадалі адзінае фота героя. Родзічы Сурдаленкі пакуль не знойдзены. Вядома, што Аляксандр быў адзіным дзіцем у сям'і. Кароткі час пасля вайны яна пражывала па месцы прызыву сына – у горадзе Магілёў-Падольскі Вінніцкай вобласці ва Украіне. Потым Сурдаленкі пераехалі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 жніўня 1945 года за бездакорнае выкананне баявых заданняў камандавання па знішчэнню жывой сілы і тэхнікі ворага і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі маёру Івану Антонавічу Цітову прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Пяты гвардзейскі авіяцыйны полк далёкага дзеяння ў 1946 г. быў перайменаваны ў 121-ы Гвардзейскі Севастопальскі бамбардзіровачны авіяцыйны полк. Да 1994 г. ён базіраваўся ў Беларусі на аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам (сёння ў г. Энгельсе, РФ).
У беларускім вершы-песні «Маці» пра цяжкі боль усіх матуль, чые сыны не вярнуліся з вайны, сказана:
Ну, чаму ж, мой любы,
ты дамоў не едзеш?
Малады, прыгожы, толькі 25.
Мо ў чужой зямельцы
спіш спакойна недзе
Без крыжа святога.
А гады ляцяць...
Спатрэбіўся доўгі час, каб годна ўшанаваць лётчыкаў Івана Ахтырскага і Аляксандра Сурдаленку. Вечны спачын яны знайшлі ў беларускай зямлі.

perezakhoronenie-letchikov-3

perezakhoronenie-letchikov-4

perezakhoronenie-letchikov-5

perezakhoronenie-letchikov-6

Наталля Крывецкая.

Фота аўтара.