Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Шчодры наш «Янаўскі кірмаш»

Количество просмотров:

Вялікі распродаж сельскагаспадарчай прадукцыі прайшоў у мінулую нядзелю на пляцоўцы, што развярнулася ў раёне трэцяй школы горада Іванава.

З першых хвілін працы гандлёвых кропак пакупнікі разбіралі тавар. Да латкоў з гароднінай, рыбай, суха-фруктамі тут жа з'явіліся чэргі.
Аб вялікай зацікаўленасці жыхароў да кірмашу сведчыць той факт, што ўжо ў 9 раніцы многія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы распрадалі свой тавар.
У натоўпе міжволі стала сведкай гутаркі двух пенсіянераў.
– Спецыяльна адкладалі з жонкай грошы з пенсіі, каб восенню на кірмашы купіць на зіму і цыбулю, і моркву, і капусту.
– А я прыехаў за рыбай, яна тут гарантавана свежая і танная, як і ўсе астатнія прадукты.
Мабыць, першае, чым цікавіліся спажыўцы, – бульба. Яе можна было набыць ад 25 кап. за кілаграм. Цыбуля каштавала 40-50 кап., перац – ад 50 кап. да 1,5 руб., морква – 40-55 кап., капуста – 40-46 кап., буракі – 40-50 кап. Цана на памідоры вар'іравалася ад 50 кап. да 3,5 руб. Часнок каштаваў ад 2 да 3,96 руб.

Jarmarka 1
Jarmarka 2
Jarmarka 3
Jarmarka 4
Jarmarka 5
Jarmarka 7
Jarmarka 8


ААТ «Снітава- Агра» прадставіла на продаж яблыкі па 20 кап., калі кошт у іншых прадаўцоў быў 50 кап. Мёд на кірмашы быў самы разнастайны па 6-14 руб. за кг.
Свежага карпа вялікіх памераў можна было купіць па 5 руб. за кг, таўсталобіка і карася – па 3 руб. Гадавальнікі са ўсёй вобласці прывезлі на кірмаш саджанцы яблынь, груш, персіка, парэчкі і інш.
Таксама на кірмашы была прадстаўлена малочная прадукцыя, нехарчовыя і іншыя тавары.
Для асобных катэгорый грамадзян у гэты дзень валанцёры БРСМ і ТЦСАН арганізавалі бясплатную дастаўку набытай прадукцыі. Нагадаем, што такой паслугай можна было скарыстацца толькі ў першы дзень кірмашу.
У гэты не па-асенняму цёплы і сонечны дзень на кірмашы была атмасфера свята. Са сцэны наведвальнікаў забаўлялі песнямі і скокамі калектывы мастацкай самадзейнасці Іванаўшчыны.
 

Настасся САМЧАНКА.
Фота аўтара.