Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Сагравае любоўю блажэнная Ксенія

«Хто мяне ведаў, хай памяне маю душу для выратавання сваёй душы».
Ксенія Пецярбургская.

У бягучым годзе цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф. І. Панфёрава распачала духоўныя сустрэчы пад назвай «Праваслаўе». За мінулы час прайшло некалькі цудоўных мерапрыемстваў згаданага цыклу, але ж змест заяўленай тэмы невычарпальны, неабсяжны, як свет Праваслаўя.
Чарговая імпрэза ва ўтульнай чытальнай зале галоўнага кніжнага храма раёна прысвячалася святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, памяць якой Праваслаўная Царква адзначае 6 лютага.
Вядучыя Ніна Есіс і Валянціна Пашко, бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. І. Панфёрава, гартаючы старонкі праваслаўнага календара, распавялі членам клубных аб’яднанняў, нераўнадушным сябрам бібліятэкі, што Ксенія (імя азначае «багамолка, вандроўніца») нарадзілася ў першай трэці XVIII стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу, расла, выхоўвалася ў веры і набожнасці, у 18 гадоў выйшла замуж за Андрэя Фёдаравіча Пятрова, ваеннага, які спяваў у царкоўным хоры пры Двары. Закаханыя жылі душа ў душу. Але аднойчы песня любага Ксеніі абарвалася… Ён захварэў і памёр так раптоўна, што не паспеў паспавядацца і прычасціцца.
У 26 гадоў застаўшыся ўдавой, апрануўшы вопратку мужа, Ксенія пахавала саму сябе для камфортнага мірскога жыцця і… стала юродзівай, г. зн. прыняла на сябе адзін з найцяжэйшых подзвігаў хрысціянскай набожнасці.
Усю сваю маёмасць яна раздала бедным, добраахвотна адрокшыся ад усяго зямнога, але, самае галоўнае, адмовіўшыся і ад звычайнага выкарыстання розуму.
Пагрэбаваць усімі зямнымі выгодамі, агульнапрынятымі нормамі паводзін, меркаваннем людзей у імя Царства Нябеснага — цяжар не кожнаму пад сілу.
З раніцы да вечара блукала юродзівая па горадзе, босая (зімой — у растаптаных чаравіках), у лахманах, з павязанай на галаву простай белай хусткай. Часта з наступленнем цемры яна сыходзіла ў поле і там да світання малілася.

Ksenija Peterburgskaja 1
Ksenija Peterburgskaja 2


Родныя Ксеніі звярнуліся да царскіх чыноўнікаў, каб тыя пацвердзілі яе вар’яцтва. Але пасля доўгіх размоў стала відавочна, што яна – разумны чалавек, які валодае вялікай духоўнай сілай і свядома абраў такі нялёгкі шлях з любові да Госпада і жадання ратаваць душы людзей.
Дзе бывала вандроўніца, туды прыходзіла ўдача. Блажэнная прадбачыла лёсы людзей, падзеі дзяржаўнай важнасці.
Пражыла яна пасля смерці мужа, несучы подзвіг юродства, сорак пяць гадоў і адышла да Госпада на семдзесят другім годзе жыцця. Лічыцца, што гэта здарылася не пазней 1806 года.
Пра незвычайнае жыццё блажэннай прысутным на сустрэчы распавялі фрагменты фільма «Ксенія Пецярбургская».
Удзельнікі мерапрыемства даведаліся і пра тое, што, перайшоўшы ў Вечнасць, яна не перастала маліцца перад Госпадам за ўсіх людзей. З першага ж дня пахавання да яе магілы, якая знаходзіцца на Смаленскіх могілках, з розных куткоў зямлі пачалі сцякацца паломнікі. Яны прасілі аб дапамозе і па малітвах святой атрымлівалі яе. Засведчана велізарная колькасць успамінаў пра цудоўныя выратаванні, падораныя сціплай пажылой жанчынай у хусцінцы. У 1988 годзе Ксенія Пецярбургская была прылічана да ліку святых. Яе ўшаноўваюць як апякунку сям’і і шлюбу, заступніцу ўдоў і сірот, ёй моляцца аб дараванні дзяцей, аб вылячэнні ад хвароб.
Пра подзвіг блажэннай распавёў свяшчэннік Алег Ілюшын, настаяцель прыхода храма прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага аг. Яечкавічы, памочнік благачыннага па месіянерскім служэнні.
Размову аб ёй дапоўніла тэматычная кніжна-ілюстрацыйная выстава, аб жыціі святой таксама можна прачытаць у кнігах, якія ёсць у фондзе бібліятэкі.

Ірына САЛОМКА.