Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Іванаўшчына чакае цікаўных турыстаў

Прэзентацыя новага турыстычнага маршруту «Шляхамі Палескага Загароддзя» адбылася падчас двухдзённага выязнога семінара па Брэсцкай вобласці, арганізаванага Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з упраўленнем спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.


Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ўпраўленняў спорту і турызму, турыстычнай індустрыі, турыстычных грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме, экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, карэспандэнты беларускіх СМІ – усяго 35 чалавек. Разам яны наведалі больш за дваццаць турыстычных аб’ектаў у Драгічынскім, Іванаўскім, Пінскім раёнах і ўласна старадаўнім Пінску, ацаніўшы іх патэнцыял для тых, хто любіць падарожнічаць.
Дадзены маршрут супрацоўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме распрацавалі ў мэтах рэалізацыі дзяржпраграмы «Беларусь гасцінная» на 2021-2025 гг. «Шляхамі Палескага Загароддзя» захапляе па многіх прычынах. Найперш тым, што турысты маюць шыкоўную магчымасць пазнаёміцца з аб’ектамі, якія прэзентуюць архітэктурны, рэлігійны, моўны, гістарычны, культурны, тапанімічны, зялёны (экалагічны), экзатычны і іншыя віды турызму. Разам з тым аматары падарожжаў увачавідкі пазнаючы гісторыка-культурныя каштоўнасці Беларусі, далучаюцца да яе нераскручаных турыстычных цудаў.

seminar-turizm-2

seminar-turizm-3

seminar-turizm-4


– У гэтым годзе распрацоўваецца як турыстычны рэгіён Прыпяцкае Палессе, куды ўвайшлі Драгічынскі, Іванаўскі, Пінскі, Лунінецкі і Столінскі раёны. Гэтыя тэрыторыі адрозніваюцца каларытам прыроды і культуры. Аднак у пэўнай ступені яны абмежаваны лагістычна, бо аддаленыя ад асноўных транспартных артэрый. Прэзентацыя новага маршруту – гэта дадатковы імпульс для таго, каб на турыстычную арэну выйшлі брэнды Драгічыншчыны, Іванаўшчыны і Піншчыны, – удакладніў начальнік аддзела турызму Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Нікіцюк.
У сваю чаргу прадстаўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук зазначыла:
– Найперш гэты маршрут складзены для экскурсаводаў з тым, каб яны, грунтуючыся на ім, распрацоўвалі ў далейшым індывідуальныя цікавыя туры. Штогод Нацыянальнае агенцтва прэзентуе ў сярэднім 15 новых турыстычных маршрутаў. Ніколі раней у іх не былі спалучаны многія з тых аб’ектаў, якія мы наведалі ў гэтыя два дні, напрыклад, музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» у Драгічынскім раёне і музейны комплекс у в. Варацэвічы, а
таксама «Дом траўніка» ў Стрэльна (Іванаўскі раён).

seminar-turizm-5
На Іванаўшчыну
шматколькасны турыстычны «дэсант» завітаў 13 ліпеня. Аб’ектамі сімпатый удзельнікаў сталі музейны комплекс імя Напалеона Орды і філіял традыцыйнай культуры «Дом траўніка» Мотальскага музея народнай творчасці. Постаццю-сімвалам першага аб’екта з’яўляецца таленавіты музыка і мастак Напалеон Орда. Дзякуючы пэндзлю гэтага генія, які нарадзіўся ва ўрочышчы Чырвоны Двор у ваколіцах Варацэвіч, свет не згубіў многія архітэктурныя дастапомнасці. Некаторыя з іх у наш час аднаўляюцца менавіта па малюнках Орды.
«Дом траўніка» ў Стрэльна застаецца адзіным у рэспубліцы музеем нетрадыцыйнай медыцыны. У верасні яму споўніцца 30 год. За гэты час сюды прыязджала мноства турыстаў з розных куточкаў зямнога шара дзеля таго, каб пачуць сакрэты захавання здароўя ад мясцовых бабуль, даведацца аб народных рэцэптах збораў лекавых зёлак, пачаставацца вясковымі прысмакамі.
Лагічным завяршэннем двухдзённага візіту асоб, якія працуюць у турыстычным сегменце краіны, стаў круглы стол. На ім былі разгледжаны
актуальныя пытанні развіцця ўнутранага турызму ў трох раёнах і горадзе Пінску. Адным з галоўных накірункаў працы для мясцовых улад з’яўляецца развіццё тут належнай інфраструктуры.

 Наталля Крывецкая.