Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Апошнія жыхары Калена

На дадзены момант у вёсцы Калена, якая размяшчаецца ў памежнай зоне ў Махроўскім сельсавеце, жывуць усяго пяць жыхароў. З іх толькі два – тутэйшыя: 93-гадовая Марыя Цямчык і 49-гадовы Віктар Парфіевіч. Тры чалавекі маюць пастаянную прапіску ў іншых населеных пунктах – Пінску, Луганску. Адказ на пытанне, хто будзе апошнім героем Калена, па-мойму, ляжыць на паверхні.
Надзея Іванаўна Цямчык, якая нарадзілася ў 1958 годзе, адна з тых, хто, як кажуць, адной нагой тут, у Калене, другой – там, у Луганску.

Сёння жанчына даглядае маці – Марыю Цярэнцьеўну, якая родам з вёскі Дольск. Тата Іван Якаўлевіч (ужо нябожчык) – з беларускіх Баландзіч. Як толькі бацькі пабраліся, жылі некаторы час у Дольску. Пасля пераехалі на сталае месца жыхарства ў Калена, дзе нарадзілі тры дачкі і сына. Дарэчы, да вайны вёска называлася Зялёнае Калена. Суразмоўца памятае, як яе бабулю называлі «зылынчыхыю». Цяпер жа жыхароў клічуць «колынянамы». Чытач, напэўна, пацікавіцца: адкуль такія назвы вёскі? Адказ на гэтае пытанне даў старшыня Махроўскага сельскага выканаўчага камітэта Іван Кунахавец:
– Рэаліі памяняліся: раней у Калене была партызанская зона, цяпер – пагранічная. З мая 1943 года па сакавік 1944-га тут дзейнічаў сельскі Савет, куды ўваходзілі шэсць беларускіх вёсак – Адрыжын, Махро, Калена, Краснае, Вулька, Завышша – і сем украінскіх. Старшынёй сельсавета быў Максім Кананчук. Сёння там, дзе месціўся выканаўчы орган, жывуць яго дачка з мужам, якія прапісаны ў Пінску. Што датычыцца назваў населенага пункта, то справа тут у канфігурацыі дарогі. Зараз дарога з Махро праз Калена ва Украіну ідзе прама, а да вайны яна па контуры нагадвала чалавечае калена. «Зялёнаю» вёска была таму, што з усіх бакоў яе заўжды ахінае лес, – расказаў Іван Іванавіч.
У Калене прайшло маленства Надзеі Цямчык. Тут яна наведвала пачатковую школу, у якой вучылася ўсяго 11 дзяцей. Таму ўсе змяшчаліся ў адным класе, дзе стаялі сем парт. Васьмігодку гераіня заканчвала ў Махро. Адлегласць ад дома да Махроўскай школы – недзе пяць кіламетраў. Множым на два і атрымліваем 10 км – такі подзвіг у імя пісьменнасці раней здзяйснялі маленькія беларусы.

koleno-1


– У любое надвор'е дзецьмі мы дабіраліся да школы пешшу. Ні снегу, ні ветру не баяліся. Крыху пужаліся ваўкоў. Помню, выйдзем на дарогу, а на ёй сядзіць воўк, толькі вочы свецяцца. Глыбокай жа восенню ці зімой пачынае развіднець досыць позна. І мы думаем: ці то назад ісці, ці то перачакаць. Стоімся, чакаем. Як толькі звер у лес пабяжыць, зноўку рушым па навуку. У нашых лясах і зайцы, і лісы, і кабаны – рознай лясной жыўнасці хапае і цяпер. Ля самай хаты можна пабачыць гэтых «гасцей». Людзей няма, дык хоць звяры наведваюцца. Таму позна ўвечары я стараюся без дай прычыны на вуліцу не выходзіць, – гаворыць Надзея Цямчык.
Раней па школах ездзілі спецыялісты і запрашалі школьнікаў вучыцца ў пэўнай прафесійнай установе. Пасля заканчэння васьмі класаў у Махроўскай школе Надзея Цямчык апынулася ў Паўночна-Данецкім вучылішчы. Па прафесіі яна – зваршчык электра-дугавой зваркі. Што такое вертыкальны шоў, яна ведае не па чутках – адпрацавала зваршчыкам 17 год. Землякі Надзеі Цямчык, якія навучаліся ў гэтым вучылішчы, праз некаторы час вярнуліся на радзіму. Надзея ж, атрымаўшы размеркаванне ў Луганск, неўзабаве там выйшла замуж. Прозвішча ў замустве не мяняла. Ёсць у гераіні два сыны. Так атрымалася, што малодшы Андрэй застаўся жыць на Украіне, Сяргей жа пусціў карані ў беларускай Рэчыцы. Калі ў Луганску пачаліся баявыя дзеянні, Андрэй з дзецьмі некалькі месяцаў жыў у Калене. Потым, калі там стала бяспечна, сям'я вярнулася да спакойнай украінскай рэчаіснасці. «Цяпер самі не ведаем, хто мы такія, хто наш гаспадар і як далей жыць», – адказвае Надзея Цямчык.

koleno-4

Калісьці з мужам жанчына збіралася пераехаць у Беларусь назаўжды. Аднак сямейныя планы памяняліся з-за хваробы Аляксандра Рыгоравіча. Вечны спачын мужчына знайшоў у Луганску дванаццаць год таму. Туды ж вернецца і Надзея Іванаўна. І не толькі таму, што там дом і кватэра, сын і яго сям'я, там сябры, там пражыта 45 год. Галоўнае тут у тым, што яна дала абяцанне добраму і надзейнаму пры жыцці гаспадару – быць заўжды побач.
Праводзячы карэспандэнта дадому, Надзея Цямчык панастальгіравала: «Калена заўжды было маленькай вёскай – вуліца Партызанская, на якой усяго шаснаццаць хат. У кожнай гадавалася па шэсць, сем, а то і дзевяць дзяцей. Калісьці тут было весела. Вярнуцца б хоць на дзень у маладосць...».

 Наталля Крывецкая.