Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Як не раблю, то не жывая

На здымку – Надзея Антонаўна Малашэвіч, жыхарка Іванава. Сёлета, 3 ліпеня, ёй споўнілася 90 гадоў. За сваё жыццё ветэран працы атрымала шмат працоўных узнагарод – медалёў і Ганаровых грамат. Аднак галоўнай узнагародай усё ж лічыць сям’ю, у якой, дарэчы, ужо падрастаюць праўнукі.

Дзецьмі хацелі саслаць у Сібір

У свае дзевяноста жанчына жыве адна. Гэта радуе і здзіўляе адначасова: значыць, ёсць яшчэ сілы ў гаспадыні. Падыходзячы да хаты, спыняюся на некалькі хвілін ад здзіўлення: не верыцца, што тут гаспадарыць жанчына такога веку. Усюды чысціня і парадак, у палісадніку цвітуць кветкі. У хаце таксама ўтульна. Няхай сабе і сціпла, але акуратна. Запрыкмеціўшы карэспандэнта Надзея Антонаўна трохі разгубілася – не чакала такой увагі да сябе.
Нарадзілася Надзея Антонаўна ў 1929 годзе ў вёсцы Блізная Пружанскага раёна. У сям’і акрамя дачкі яшчэ падрасталі чацвёра хлопцаў.  
– Мне пашанцавала нарадзіцца ў добрай сям’і. Бацькі і браты моцна любілі мяне, шкадавалі, таму што была адзінай дачкой. Сям’я была заможная, мелі вялікую гаспадарку, нават наймалі парабкаў. Таму, калі ў 1939 годзе змянілася ўлада, бальшавікі зацікавіліся нашай сям’ёй, хацелі выслаць нас з родных мясцін. Але, дзякуй Богу, ліха мінула нас, – узгадвае Надзея Антонаўна.

Пахавальны ліст атрымалі ў Дзень Перамогі

Вялікую Айчынную вайну Надзея Малашэвіч дагэтуль успамінае з жахам. Калі летам 1941 года пачаліся ваенныя дзеянні, дзяўчынцы было адзінаццаць год.
– Мы ж зусім блізка ад Брэста жылі, немцы вельмі хутка прыйшлі да нас. На ўласныя вочы давялося пабачыць баявыя дзеянні, – з горыччу ў голасе кажа Надзея Малашэвіч.
Таму першы час маці хавала дачку ў падполлі і нікуды не выпускала. А ў хуткім часе немцы занялі хату, і сям’і давялося жыць у хляве. Толькі пасля вызвалення перабраліся назад у хату.
І бацька, і браты былі мабілізаваны. Аднаго з сыноў маці не дачакалася.  
– Пахавальны ліст мы атрымалі ў Дзень Перамогі. Матуля доўга плакала, здавалася, не вытрымае такой трагічнай весткі. Пасля чаго ўзяла мяне з братам у поле. Толькі запраглі каня, як раптам пачулі крыкі з машын, якія праязджалі недалёка: вайна скончылася! Толькі праз некаторы час усведамілі, якую радасную навіну пачулі, – зазначае Надзея Малашэвіч.
У матэрыяльным плане сям’я перажыла вайну адносна няблага, таму бацька дапамагаў бяднейшым аднавяскоўцам чым мог. Казаў: бярыце ўсё, што хочаце, абы не было вайны і дзеці былі жывыя.  

Як не раблю, то не жывая

З будучым мужам, Іванам Васільевічам, Надзея Антонаўна пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. Вучыліся ў адным класе, абодва былі выдатнікамі. Прыехаўшы на першую пабыўку з войска Іван прапанаваў Надзеі выйсці замуж. Трэцяга студзеня 1952 года на санях паехала маладая пара распісвацца ў вёску Кавалі Пружанскага раёна.  
Пасля вяртання Івана Васільевіча з войска, як сказала Надзея Антонаўна, у іх пачалося «жыццё на колах».Сям’я пераехала ў Кобрын. Там у іх нарадзілася дачушка Люда. Калі ёй споўнілася тры гады, жанчына разам з суседкай накіравалася ў атэлье, каб працаўладкавацца швачкамі. Потым зноў змяніла сям’я месца жыхарства - пераехала ў Янаў, дзе жанчына ўжо атрымала пастаянную работу.
Спачатку Надзея Антонаўна працавала швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання, а з 1982 года, з адкрыццём філіяла Пінскай фабрыкі «Хваля», стала вязальшчыцай. Маючы залатыя рукі, жанчына заўсёды перавыконвала нормы выпрацоўкі, асвойваючы новыя тэхналогіі, уносячы свой штрых у мадэлі, з-за чаго тыя набывалі асаблівы шарм, станавіліся больш вытанчанымі. Тут жа, у Янове, у другі клас пайшла дачка Люда, якую дзеці між сабой за яе розум празвалі Леніным. Скончыўшы школу з залатым медалём Люда  была залічана студэнткай факультэта прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, любоў да дакладных навук перадалася ёй ад матулі. Цяжкім выпрабаваннем для Надзеі Антонаўны стаў ад’езд дачкі ў Ізраіль.
Дачка з мужам і дзецьмі эмігравала ў Ізраіль у сярэдзіне васьмідзесятых гадоў. Праз некаторы час там пачалася вайна. Немагчыма апісаць простымі словамі, як нялёгка далося бацькам гэта выпрабаванне. Каб абстрагавацца ад цяжкіх думак Надзея Антонаўна стала працаваць надомніцай. Не адну ноч у доме Малашэвічаў гарэла святло. Швейная машынка дапамагала гаспадыні хаця б на некалькі гадзін не заставацца сам-насам з дрэннымі думкамі. Раство Хрыстова ў тым годзе, калі ў Ізраілі скончылася вайна, жанчына памятае і сёння:
–  Прыходжу дадому, а муж сядзіць і плача. Спалохалася, пытаюся ў яго, што здарылася? А ён кажа: “У Ізраілі вайна скончылася”.
З цягам часу занятак шыццём гаспадыня не пакінула.
– Як не раблю, то не жывая, – прызнаецца мая гераіня.

Пакуль жыве памяць – жыццё працягваецца  

Надзея Антонаўна ўжо даўно на пенсіі. Нягледзячы на ўзрост жанчына яшчэ засаджвае гарод кветкамі, чароўны пах якіх чуваць здалёк, цікавіцца падзеямі ў краіне і свеце, сучаснымі тэхналогіямі. Дарэчы, камп’ютар пенсіянерка асвоіла з лёгкасцю. Вельмі ветлівая і жыццярадасная, цікавая суразмоўца, яна зусім не выглядае на дзевяноста гадоў.
Усё свядомае жыццё яе праходзіла і праходзіць сярод людзей. Яны былі і ёсць розныя. Але ўсё ж больш добрых і спагадлівых, чулых і ўважлівых, якія дапамагалі і дапамагаюць. Вялікую падтрымку ветэрану працы аказваюць урачы Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы – Таццяна Фралкова, Генадзь Крыштаповіч, Алена Малеж, медыцынскі персанал бальніцы, суседкі Святлана Маславец, Таццяна Крокун і Галіна Мазырчук.
Гледзячы на ўнучак і праўнучак Надзея Антонаўна ўспамінае сваё цяжкае дзяцінства і думае пра тое, што мір – гэта шчасце… Жанчына і сёння захоўвае ў сэрцы памяць аб мінулым. Ёй заўсёды ёсць аб чым расказаць маладому пакаленню, бо пакуль жыве памяць – жыццё працягваецца. А мне хочацца пажадаць ёй моцнага здароўя, каб яшчэ доўга сустракала яна родных на парозе сваёй хаты.

Анастасія Цалюк.
Фота Валерый Міхальчук.