Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Ад карэктара да рэдактара

Количество просмотров:

Сёння ў рубрыцы «Людзі і кнігі» — Анатоль Крэйдзіч, былы рэдактар «Чырвонай звязды»

«Рудляныца», але не карэнны

Нарадзіўся я ў вёсцы Заверша Драгічынскага раёна. Да 1978  года жыў і вучыўся ў гэтай вёсцы. Заканчваў вучобу ў Рудску. Тут жа ў 1986 годзе ўладкаваўся на працу ў калгас “Светлы шлях” інструктарам па спорце і быў абраны сакратаром камітэта камсамола.

Уражанне ад Рабінзона

Чытаць навучыўся яшчэ да школы,  навучыла сястра. Першай кнігай былі “Прыгоды Рабінзона Круза”, якія аказалі моцнае ўздзеянне. Мне ўжо тады падумалася: “Як прыгожа! Вось каб самому навучыцца так пісаць…”. Таксама вялікае ўражанне аказалі малюнкі, чорна-белая графіка гэтай кнігі.  Таму я стаў таксама і мастаком. Непрафесійным, канешне, але мне заўсёды падабалася маляваць.  У школе маляваў сценгазету, у час вучобы ў тэхнікуме з другога курса працаваў мастаком. Дарэчы, гэта быў Ржэўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у тым самым горадзе, які вядомы ўсім нам па знакамітых  радках Аляксандра Твардоўскага “Я убит подо Ржевом”…
Там жа, у тэхнікуме, я пачаў пісаць вершы. Першыя спробы былі на рускай мове. Вярнуўшыся ў Іванава, я прынёс свае вершы ў рэдакцыю. Тут працаваў у той час паэт Мікола Купрэеў, які мне параіў: ”Ты паспрабуй на беларускай мове”. І я пасля гэтай парады напісаў свой першы верш, першыя дзве страфы па-беларуску. Гэту ініцыятыву падтрымалі Валерый Кухарчук і Васіль Жушма.    Яны, можна сказаць, і прывялі мяне ў рэдакцыю, дзе я стаў працаваць карэктарам. Так я пачаў спасцігаць азы газетнай справы. Гэта быў 1986 год. У гэтым жа годзе я паступіў ва ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі і ажаніўся.

Было страшна

З таго часу я пачаў разумець, што такое газета, што такое літаратура. Вучоба мне давалася лёгка, напэўна, таму, што любіў і вучобу, і сваю прафесію. У газеце прайшоў шлях ад карэктара да рэдактара. Быў уласным карэспандэнтам “Чырвонай змены”, аглядальнікам абласной газеты “Заря”. Важным этапам на сваім жыццёвым шляху лічу абранне старшынёй абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Шчыра прызнаюся: мне было страшна ісці на гэту пасаду. Гэта быў перыяд расколу пісьменнікаў на два саюзы. Адна з дзвюх арганізацый адкрыта стала на шлях ваяўнічай канфрантацыі з канструктыўнымі сіламі грамадства. Узначальваў яе  Алесь Каско, потым Ніна Мацяш. Гэта людзі, якіх я вельмі паважаю, гэта прызнаныя велічыні ў нашай паэзіі. Таму мне і цяжка было, бо я лічыў, што гэтыя людзі ў пісьменніцкай грамадзе маюць большы аўтарытэт, чым я. Адсюль і пэўная няўпэўненасць, і ваганні. Нягледзячы на светапоглядныя разыходжанні, з Нінай Мацяш мы ліставаліся. Яна мне шмат прыкрага гаварыла, але разам з тым і добрага. Мы былі шчырымі ў адносінах. Апошні свой ліст я адправіў ёй па электронцы ўвечары. Адказу не атрымаў. А на наступны дзень даведаўся, што ў тую ноч яна памерла…
Я быў на яе пахаванні, разам са мною ездзілі Рыгор Сыраватка і Валянцін Перапёлкін.

Першая кніга пісьменнікам не робіць

Першая мая кніга выйшла ў 1994 го-дзе, яна называлася “Права на ўсмешку”. Але адчуваць пісьменнікам я так сябе і не пачаў. Як зрэшты, і сёння. Магчыма, светаадчуванне зменіцца пасля таго, як закончу раман, над якім сёння працую. Хай сабе і пафасна гучыць, але лічу яго справай свайго жыцця. Пра што раман? Пра светаадчуванне людзей, як яно змяняецца ў эпоху грамадскіх катаклізмаў. У нечым, я ўжо бачу сёння, раман будзе пераклікацца з “Бляшаным барабанам” Гюнтэра Граса.  
Усяго ў мяне выйшла дзевяць кніг. Але перапынак у творчасці ў мяне даволі вялікі – дзесяць год – гэта звязана якраз з працаю над гэтым раманам. Праца ішла марудна, зыходзячы з загружанасці. Але зараз я маю больш вольнага часу і работа пайшла шпарчэй.
Параўнальна нядаўна ў выдавецтве “Беларусь” выйшаў зборнік прозы, дзе пад адной вокладкай аб’ядналі двух аўтараў – Уладзіміра Глушакова і мяне. Мне гэта было незразумела, але, скажам, Ірына Саломка мне патлумачыла, што нешта агульнае ў творчасці абодвух ёсць. Потым хачу згадаць “Роднае, шчымлівае” і апошнюю з выда-
дзеных кніг “Хуліган”. Хачу яшчэ выдаць сваю п’есу “Марыська-папараць”, якая друкавалася ў “Маладосці”. Мая дачка Кацярына, што скончыла Акадэмію мастацтваў, праілюстравала яе, таму спадзяюся, што выданне атрымаецца маляўнічым.

Дзве рэчы

Увогуле, аглядаючыся на час кіравання абласным Саюзам пісьменнікаў, хачу адзначыць найперш дзве рэчы, якія выклікаюць найбольшы гонар. Гэта заснаванне Брэсцкім аблвыканкамам па ініцыятыве абласной пісьменніцкай арганізацыі літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка і выданне “Літаратурнай карты Берасцейшчыны”.
Прысуджэнне літаратурнай прэміі стала сапраўдным пісьменніцкім святам. На яго прыязджалі госці з іншых рэгіёнаў, са сталіцы. Гэта вядомыя паэты і пісьменнікі, літаратуразнаўцы, рэдактары газет і часопісаў. Праект атрымаўся досыць рэзанансным не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Асобна адзначу, што ў рамках узнагароджання былі асобныя юнацкія намінацыі. А гэта вельмі важна, бо мы глядзелі на перспектыву, думалі пра будучыню мастацкага слова, падтрымлівалі і дапамагалі пачаткоўцам.
Калі гаварыць пра “Літаратурную карту”, то трэба сказаць, што гэта ўнікальны праект – сабраць пад адной вокладкай паэтаў і пісьменнікаў, якія жылі і пісалі на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці на працягу стагод-
дзяў. Для зручнасці кніга разглядае аўтараў па раёнах вобласці. Інфармацыю па кожным раёне рыхтаваў адпаведны пісьменнік або навуковец. Я працаваў над раздзеламі, прысвечанымі Іванаўскаму і Драгічынскаму раёнам.
Канешне, прасцей было б абмежавацца сучаснікамі, але, як я ўжо сказаў, храналагічна кніга ахоплівае некалькі стагоддзяў. Таму што немагчыма, напрыклад, гаворачы пра Іванаўшчыну, абысці постаць таго ж Яна Пратасовіча з Магільна. Звесткі пра яго захаваліся, і я лічыў сваім абавязкам данесці іх да шырокага чытача.
Лічу, што сваёй мэты “Літаратурная карта Берасцейшчыны” дасягнула. Яна выклікала цікавасць да сябе з боку шырокага кола пісьменнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў і настаўнікаў. Між іншым, выданне паказала поліфанічнасць і нацыянальнае перапляценне нашай літаратуры. Бо ў нас пісалі і па-беларуску, і па-ўкраінску, і па-польску, і па-руску. Праз некалькі месяцаў гэтае шматгалоссе Берасцейшчыны ўбачаць госці Дня беларускага пісьменства на прыкладзе нашай Іванаўшчыны. Ян Пратасовіч пісаў на старабеларускай мове, мове Вялікага Княства Літоўскага, Дастаеўскі, карэнні якога ўраслі ў нашу зямлю, стаў вялікім рускім пісьменнікам, а Напалеон Орда пісаў выключна па-польску. Асабіста мне хацелася б з ліку творчых асоб, пра якія мы вядзем мову, выдзеліць якраз Пратасовіча, бо ён найбліжэйшы хаця б тым, што не паддаўся ўплывам і захоўваў тутэйшую першароднасць.

Кросны як сімвал унікальнасці

Дарэчы, не хацелася б канчаткова згубіць нашы рэгіянальныя адметнасці. А для гэтага трэба ў тым ліку і запісваць пэўныя рэчы, каб потым не шкадаваць, што сваю адметнасць, сваю ўнікальнасць мы страцілі беззваротна.  Пахвалюся: я назбіраў вялікую колькасць рэдкіх палескіх слоў, у іх ліку – некалькі дзясяткаў назваў усіх дэталяў кроснаў.   Не ведаю, ці спатрэбіцца гэта каму і калі, але ўсё роўна шкода, калі знікне бясследна.
Я такія словы стараюся выкарыстоўваць у мініяцюрах, абразках. Там яны часта выглядаюць дарэчна.

Разважанні пра рэчаіснасць

Я вёў некалі ў абласной “Зари” калонку “Сто пяцьдзясят пісьменніцкіх радкоў”, якія пазней прайшлі праз тыднёвік “Літаратура і мастацтва”, часопіс “Маладосць”, а пазней былі ўключаны ў кнігу. Гэта былі разважанні пра нашу рэчаіснасць. І калі адным сказам выказаць сутнасць тых разваг, то яна будзе такая: няма ніякіх падстаў для адчаю і панікі. Так, за мінулыя амаль тры дзесяцігоддзі, якія мінулі з 1991 года, мы перажылі трансфармацыю свядомасці. Але ж у новых умовах выстаялі, збудавалі ўласную краіну і далёка не горшую. Шмат чым можна ганарыцца.
Я не буду заглыбляцца ў больш шырокія сферы, але зноў звярнуся да таго, чым займаюся ўсё жыццё – да літаратуры. Колькі разоў даводзілася чуць: “Нікому гэта літаратура не трэба, ніхто ёю не цікавіцца”. А між тым, гэта не так.
Зараз я вяду ў рэспубліканскай “Сельской газете” рубрыку “Кніжная палічка”. Пішу пра новавыдадзеныя кнігі, новыя творы. І я зрабіў вывад: людзі чытаюць. Падставаю для такога вываду стала актыўная зваротная сувязь з чытачом. Я заўважыў, што ў сталіцы чытаюць менш, а ў глыбінцы чытаюць многа. Гэтых людзей, можа, не так многа, як бы хацелася, але яны ёсць, яны шукаюць новыя кнігі, пытаюцца пра іх. Гэта самыя розныя людзі, часта абсалютна далёкія ад філалогіі ці гуманітарных навук, інжынеры і земляробы. Іх узрост – самы розны. Асабліва цешыць, што нярэдка сярод іх сустракаюцца маладыя. Прычым асабліва радуе якасць гэтых маладых. Яны шукаюць у літаратуры філасофскай заглыбленасці, схаванага сэнсу, яны зусім іншыя, чым старэйшае пакаленне аматараў кнігі.

Што было з Анатолем Крэйдзічам пасля сыходу з “Чырвонай звязды”  

На заканчэнне скажу некалькі слоў пра тое, як склалася мая доля пасля таго, як пакінуў пост рэдактара іванаўскай раёнкі.
Я пайшоў на пасаду намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Хоць ішоў на работу ў сталіцу, але на самой справе марыў пра тое, каб пераехаць у вёску, у сядзібу. Такая сядзіба на той момант ужо была – жывапісная, прыгожая, прыдатная да жыцця. Гэта зямля бацькоў маёй жонкі непадалёк ад Лунінца. І ўрэшце рэшт восенню 2017 года я звярнуўся да старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Іванавіча Чаргінца з просьбаю дазволіць мне пакінуць Мінск. Але ў мяне ўсё роўна заставалася пэўны час чвэрць стаўкі намесніка старшыні. Ад яе давялося адмовіцца пасля таго, як мне прапанавалі пасаду галоўнага рэдактара газеты “Савецкае Палессе”. Аднак праз пэўны час ад гэтай пасады таксама давялося адмаўляцца, бо дарога з Ганцавіч у Лунінец забірала пэўны кавалак часу. Я канчаткова перайшоў жыць на сядзібу, але пры гэтым з’яўляюся трэцім намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі на грамадскіх пачатках, каб весці далей праект “Беларусь инновационная. Создавая будущее”. Акрамя таго, працягваю супрацоўніцтва ў “Сельской газете”, вяду там “Кніжную палічку”, пішу ў абласную “Зарю” і рэспубліканскі тыднёвік “Літаратура і мастацтва”.
Акрамя таго, шмат увагі вымагае сядзіба. А гэта тры гектары зямлі, свае сажалкі, кавалак лесу, сад на семдзесят дрэў, тысяча карчоў галубікі, пад сто відаў гародніны. І, канешне, бульба і клубніцы. Акрамя таго, завялі жыўнасць – куры, качкі, козы і трусы. Работа не з самых лёгкіх, але гэта мая аддушына – якраз тое, што мне трэба.  

Гаварыў Ігар Гетман.