«Я кахаю, бо я – чалавек»
Натхнёныя радкі верша нашага земляка Васіля Жушмы, бадай, не толькі найбольш поўна адлюстроўваюць ідэю паэтычнага зборніка «Кахання зорныя кастры», але і раскрываюць сутнасць душы гэтага чалавека.
Васіль Пятровіч – асоба на Іванаўшчыне адметная.
У такіх абставінах пералічэнне ўсіх яго рэгалій і талентаў, магчыма, і не мае сэнсу, але ж коратка нагадаць некаторыя, мяркую, будзе не лішнім.
Нарадзіўся Васіль Жушма ў вёсцы Хамічава. У юначым узросце, апантаны спортам, паступіў на факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага педінстытута. Але ж выспявала ў душы яшчэ адна патрэба – занатоўваць жыццёвыя праявы, разважанні, назіранні, найперш за з’явамі прыроды, да якой хлапчына адчуваў вялікае замілаванне. Таму і рашэнне вучыцца ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе, дзе рыхтавалі будучых журналістаў, не было крокам неўсвядомленым, а, наадварот, глыбока прадуманым, узважаным. Гэта і абумовіла далейшы лёс. Цягам чатырох дзясяткаў гадоў Васіль Пятровіч сумленна працаваў у раёнцы карэспандэнтам. Такім, кампетэнтным, дасведчаным прафесіяналам, і ведаюць яго людзі янаўскага краю. Апавяданні, нарысы, літаратуразнаўчыя артыкулы аўтара публікаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Творы яго змяшчаюцца ў школьных падручніках «Роднае слова» і «Беларуская мова. Пераказы з дадатковымі заданнямі для 8-9 класаў». Кніга Васіля Жушмы «Гарэза» адзначана літаратурнымі прэміямі «Залаты Купідон» Саюза пісьменнікаў Беларусі, імя У.А. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. А свой зборнік прозы «Папараць-кветка» творца да таго ж праілюстраваў уласнымі каляровымі здымкамі. Дарэчы, пра здымкі – асобная гісторыя. Яны сведчанне яскравага таленту фатографа, дакладней, фотапаляўнічага, як зазвычай называюць Васіля Пятровіча за неверагодную захопленасць справай. З дапамогай фотаапарата яму ўдалося атрымаць партрэты ўсіх жывёл і птушак Палесся. Па словах самога краязнаўцы, узброіўшыся фотаружжом, ён мог гадзінамі сядзець у засадзе, пільнуючы звера, часам у нязручным становішчы, уладкаваўшыся на дрэве, у мэтах бяспекі прывязаўшыся да ствала альбо галін вяроўкай.
Васіль Жушма – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза журналістаў. Узнагароджаны медалём «За вялікі ўклад у літаратуру», пра яго зняты дакументальны тэлефільм з цыкла «Палешукі».
Плён паэтычнай творчасці нашага земляка ўвасобіўся ў дыхтоўную кнігу «Кахання зорныя кастры» ў сценах Іванаўскай друкарні. Кніга, як ужо вынікае з яе назвы, прысвечана тэме кахання. Складаецца яна з дзвюх частак: беларускамоўнай «Зоркі ясныя – сэрцам
падказка» і рускамоўнай «Я пишу о любви». Пад адной вокладкай і сапраў-
ды сабраны вершы пра гэтае адно з самых важных пачуццяў чалавечых.
Самай прыгожай дзяўчынцы,
той, што душою люблю,
Мараў маіх аблачынцы
з космасу рыфмы лаўлю.
Вершы падаюцца ад імя лірыч-
нага героя. Ён здольны абагаўляць жанчыну, надзяляючы яе арэолам святасці: пачціва звяртаецца да яе на «Вы», з трапятаннем называе Светласцю сваёй, Багіняй, Музай, якая дае натхненне творчасці. Але найчасцей усё ж гэта бліз-
кая, дарагая сэрцу жанчына, «пахкая голачка бэзу», «светлая, как березка, чистая, как весна». Апісваючы яе вобраз, паэт прыбягае да выкарыстан-
ня фальклорнай вобразнасці з традыцыйным для яе ўжываннем памяншальна-ласкальных слоў. Для яго каханая «вішанька», «маліначка», «крынічанька», «цвет-рабінач-
ка», «жаўраначка», «заранач-
ка» і г. д. Творы падводзяць да высновы, што ў каханні заключаецца сэнс жыцця. Яно аздаб-
ляе жыццё колерамі радасці, нараджае цуды:
Мне здаецца зіма вясною,
Мне здаецца, чаромха цвіце
Белым полымем паміж альхою,
У бліскучай і чыстай расе.
Ад чаго? Ад чаго так стала?
Ну чаму я жыву вясной?
Проста сэрца зачаравала
Ты тады. Ты заўжды са мной.
Каханне – мнагаграннае пачуццё. У пэўныя моманты яно платанічнае, узвышана-
сентыментальнае:
Положи мне на плечи голову:
Пряди тронут щеку слегка.
Положи мне на плечи голову.
Я сидел бы вот так века.
Ды пры ўсім гэтым налёце раман-
тычнасці лірычны герой па натуры сваёй усё ж чалавек зямны, страсны, палкі:
Мы с тобой под грозой
были венчаны.
Божьей неба росой,
помнишь, мечены.
Я тебя целовал – травы мятные
Лес для нас расстилал непомятые.
Аб глыбока інтымным аўтар апавядае даверліва і разам з тым вельмі далікатна, як бы з намёкам на недагаворанасць. Такая нявызначанасць сітуацыі абуджае ўяўленне, правакуе чытача на роздум, дазваляе яму самому дамысліць развіццё падзей: «самкнуліся нашы і вусны, і рукі, а поле – пасцеляй – наўшыркі, наўкол», «твой голас пакліча у поле, дзе сонца ў жытах пасецца».
Поле – наўшыркі, наўкол; сонца пасецца ў жытах… Чыста пейзажная лірыка ў кнізе адсутнічае, разам з тым прырода мае месца ў большасці вершаў зборніка. Яна не толькі служыць фонам, на якім пабудаваны сюжэт твораў, але і хвалююча падсвечвае пачуцці лірычнага героя.
Васількі. Раптам
ўспыхнула ў жыце
Сінім колерам радасць зямлі.
Дзьмухне вецер – і вы пабяжыце
Па палетках, па мяккай раллі.
Альбо:
Там соловьиных трелей
Звучит стозвон сейчас.
Там веточки качелей
Качают птичий джаз.
З флёрам таямнічасці, «смугой успамінаў», «усплёскамі рабіны», «агорнуты цветам пенным» – такі ён, востраў кахання Васіля Жушмы. За-
крываеш апошнюю старонку паэтычнага зборніка са спадзяваннем на новыя «спатканні ў рамонкавым краі».
Новае лета падорыць
новых спатканняў маланку.
Зноў наша шчасце азорыць
росквіт агністага ранку.
Увогуле ж, зборнік увесь пранізаны надзвычайным святлом, пяшчотай, гэта хвалебная ода жанчыне. Актуальна гучыць парада аўтара кожнаму сучасніку: не туліць у сэрцы каханне, бо «каханне людзям новы свет дае. Напішы жанчынам пра любоў – паверце, гэтай рыфмы сёння ў свеце не стае».
Ірына Саломка.