Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Валянціна Барадзінчык: Калі мы разам, у нас – натхненне, творчасць і ў канчатковым рахунку вынік

Количество просмотров:

Напярэдадні Дня работнікаў культуры, у думках робячы агледзіны багатай культурнай спадчыны беларускага краю і, у прыватнасці, самабытнага Янаўскага куточка, прыгадала багдановічаўскі «Апокрыф», дзе апавядаецца аб тым, як Хрыстос, ходзячы ў часе жніва па зямлі са святым Пётрам і Юр’ем, сустрэліся з музыкам, які смуціўся з-за таго, што ён – нікчэмны чалавек, бо ў адрозненне ад рупліўцаў на жытнёвым полі, не клапоціцца каля зямлі. І адказваў яму Хрыстос: «Ці ж не твае песні спяваюць людзі ў часе жніва! Няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Надыдзе чалавеку гадзіна горычы, песняй ён разважыць тугу. Таксама і ў радасці прызаве цябе. Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але, калі зварухнецца душа чалавека, толькі песня здолее спатоліць яе.

Агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас?Цяжка каля яе працаваў гаспадар. І вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі. I сказаў ён у сэрцы сваім: «Хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо паўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў. Але яшчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. I таму я не вырву з каранём іх, як благое зелле. Няхай растуць і радуюць сэрца маё».
Сапраўды, уявіце сабе, як збяднее, змізарнее жыццё, калі не будзе ў ім людзей, якія нясуць у свет радасць, красу, святло. Менавіта аб іх, «васільках» на жыццёвай ніве, аб плённай творчай працы, набытках, з якімі прыйшлі работнікі культуры да прафесійнага свята, вядзём размову з Валянцінай БАРАДЗІНЧЫК, начальнікам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама.

- Валянціна Андрэеўна, найперш хочацца запытацца аб тым, якім сэнсам асабіста для Вас напоўнена паняцце «культура».

- Без перабольшання, культура для мяне – гэта жыццё. Чвэрць веку таму прыйшоўшы ў гэтую галіну, я прыкіпела да яе душой раз і назаўсёды. Мне здавалася, што яна – на ўзроўні космасу, што я, прадстаўнік сферы адукацыі, ніколі не дарасту да заслужаных прафесіяналаў, дасведчаных, масцітых. Але з часам зразумела: не важна, вопыт якой прафесіі маеш ты за плячыма, важна спасцігнуць спецыфіку, прызначэнне той галіны, дзе збіраешся шчыраваць, ды праяўляць стараннасць, адказнасць у працы – і ўсё атрымаецца. Натуральна, напачатку не ўсё ладзілася, але жаданне самаўдасканальвацца, карпатлівасць давалі жаданыя вынікі. Па меры майго кар’ернага росту задачы перад галіной ставіліся ўсё больш сур’ёзныя. У статусе кіраўніка аддзела я ўсведамляю, што культура – гэта адзін з галоўных арыенціраў дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі. Таму патрабаванні да кожнага прадстаўніка галіны надзвычай высокія: тут павінны працаваць сапраўдныя майстры, здольныя выконваць пастаўленыя перад культурай маштабныя задачы. Часам некампетэнтнаму чалавеку можа падасца, што работнікі культуры нічога не робяць. Але ён забывае аб тым, што, каб атрымаўся відовішчны прадукт на сцэне, трэба шмат працаваць за кулісамі. Паверце, гэта зусім няпроста.

- Чым адметны для прадстаўнікоў культуры Іванаўшчыны Год малой радзімы? Думаецца, у гэты час на іх  ускладзена выключна важная місія.

- Безумоўна. У Год малой радзімы работнікі культуры асабліва прачулі сваё прызначэнне і адказнасць перад землякамі, кіраўніцтвам раёна, вобласці за арганізацыю ўсіх тэматычных мерапрыемстваў. Укараняліся новыя формы работы. Мы імкнуліся ў сваіх планах дайсці да кожнага ўраджэнца Іванаўшчыны, незалежна ад таго, у якім куточку краіны альбо за яе межамі ён жыве цяпер. Імкнуліся ўславіць годных выхадцаў Янаўскага краю, задзейнічаць іх у масавых акцыях.

- Валянціна Андрэеўна, асобна спынімся на святкаванні Дня беларускага пісьменства.

- У Год малой радзімы свята пісьменства было самым адказным. Да яго скрупулёзна рыхтаваліся. Ладзіліся цэлыя цыклы мерапрыемстваў па лініі бібліятэк, клубных і музейных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі. Усе былі максімальна задзейнічаны. Праца наша высока ацэнена: на самых высокіх узроўнях адзначалася, што іванаўцы не саступалі ў майстэрстве агульнапрызнаным зоркам беларускай эстрады, яны задалі такую планку, што будучым сталіцам пісьменства трэба будзе ой як цягнуцца, каб выглядаць не горш.

- На Вашу думку, у чым сакрэт такога ашаламляльнага (не пабаюся гэтага слова) поспеху?

- Сакрэт просты. Каб «адкапаць» яго, хадзіць далёка не трэба. Поспех спадарожнічае тым, хто працуе ў камандзе аднадумцаў, прафесійнай, зладжанай, дзе кожны добрасумленна робіць сваю справу, арыентуючыся на канчатковую агульную мэту. Я заўжды за камандны дух. Раскрыю вам заслону патаемнага: мы асобна не адзначалі Дзень бібліятэк, Дзень настаўніка – у нас ёсць свята, якое з’ядноўвае ўсіх нас, – Дзень работнікаў культуры. Усе мы – і бібліятэкары, і супрацоўнікі музеяў, і выкладчыкі музычных дысцыплін, і работнікі гаспадарчай групы – звёны аднаго ланцужка. Я ганаруся тым, што мы змаглі зберагчы багатую культурную спадчыну нашых продкаў, прымножыць справу папярэднікаў і паспяхова развіваць. Зазначу, што ў абласным рэйтынгу паспяховасці мы адны з лепшых.
Адным са складнікаў поспеху, несумненна, з’яўляецца пераемнасць вопыту. Гэты неацэнны дар, на шчасце, у нас ёсць ад каго пераймаць. Значны ўклад у развіццё культуры раёна ўнеслі ветэраны галіны У.В. Шэляговіч, В.Р. Мацукевіч, В.І. Чугаеў, Н.А. Грэчка, Н.Р. Дробыш, М.М. Чэкан, Н.І. Раманюк і інш. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягваюць працоўную дзейнасць Н.П. Куліч, Л.С. Каспяровіч, У.Ю. Сініцкі, А.В. Самахавец і інш.
Радасна, што ў нашу вялікую культурную сям’ю ўліваецца моладзь. Да прыкладу, у Год малой радзімы ў галіну прыйшло 18 маладых спецыялістаў, шэсць з якіх вярнуліся ў бацькоўскі куточак. Мы зацікаўлены ў тым, каб усе яны тут адбыліся як прафесіяналы, стварылі сем’і, надзейна замацаваліся на працоўным месцы.
Калі мы разам, у нас – натхненне, творчасць, сіла і ў канчатковым рахунку цудоўны вынік.
Радуюць вынікі дзейнасці школы мастацтваў. Нашы дзеці неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыянтамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У гэтым заслуга ў тым ліку і нашых настаўнікаў: Т.К. Антановіч, С.В. Зіновік, С.І. Ксёнда, Л.Г. Абакумавай, А.Б. Старавойтавай, І.В. Самахаўца.
Безупынку магу гаварыць пра высокія дасягненні творчых калектываў: заслужанага ансамбля народнай музыкі і песні «Палешукі», народнага ансамбля «Асалода», фальклорных калектываў «Залядынская гамонка», «Знаходка», «Жураўка», аркестра народных інструментаў ЦКіНТ, эстрадна-джазавага ансамбля Minimal Groove Band, духавога аркестра, узорнага ансамбля танца «Яначка».
Залогам усёй дзейнасці галіны лічу работу музейных устаноў. Адраджаюць, зберагаюць, папулярызуюць культурную спадчыну, выкарыстоўваючы разнастайныя формы работы, Мотальскі музей народнай творчасці і яго філіял «Дом траўніка» ў вёсцы Стрэльна, музейны комплекс імя Напалеона Орды ў Варацэвічах і філіял «Карцінная галерэя А.В. Кузьміча» ў вёсцы Махро.
Усе калектывы нацэлены на канструктыўную працу згодна з дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі».
Прызнацца, не заўжды ўсё ў нас атрымліваецца ідэальна. Свае праблемы мы ведаем і працуем над іх вырашэннем. Пасля правядзення кожнага мерапрыемства аналізуем яго, шукаем хібы, каб надалей іх пазбегнуць. Няма межаў для ўдасканалення. Веру, ёсць тыя недасяжныя пакуль вышыні, на якія мы не сёння-заўтра ўзыдзем, бо мы, паўтаруся, адна каманда.

- Так, Валянціна Андрэеўна, я зразумела, штоВаша каманда здольна пакарыць яшчэ не адну творчую вяршыню. Дык падзяліцеся ж, якімі Вам бачацца перспектывы развіцца галіны культуры раёна.

- Аўтарытэтна заяўляю, у каманды работнікаў культуры дастаткова амбіцыйныя планы. Мяркуем стварыць музей пад адкрытым дахам у аграгарадку Моталь, дзе будуць прадстаўлены славутасці Беларусі. Праект вельмі цікавы. Ён запатрабуе нямала фінансавых сродкаў, і мы, канечне ж, не разлічваем толькі на раённы бюджэт: пішам заяўкі для ўдзелу ў міжнародных праектах, каб атрымаць сафінансаванне і рэалізаваць свае ідэі.
З улікам таго, што на тэрыторыі раёна пражывае шмат прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, ёсць задумка стварыць (месца пакуль не вызначана) экспазіцыю «Этнасвет» з элементамі традыцыйнай культуры розных народнасцей.
У супрацоўніцтве з Інстытутам генетыкі на базе Дома траўніка плануем закласці «тэрыторыю здароўя», дзе будуць актыўна прапагандавацца здаровы лад жыцця, каштоўнасць абрадаў і традыцый.
Працягнецца будаўніцтва сядзібы ў Чырвоным Двары. У ходзе прафсаюзнай акцыі па зборы сродкаў на адраджэнне родавага маёнтка Напалеона Орды сабрана шэсць тысяч рублёў, што дазволіць устанавіць у будынку дзвярныя блокі.
Выношваюцца ідэі музеефікацыі горада. Гэта пакуль больш аддаленая перспектыва, намякну толькі, што пытанне тычыцца стварэння прыватнага музея і ўжо ёсць на прыкмеце яго гаспадар, чалавек неардынарны, няўрымслівы – Сяргей Анатольевіч Куліна.
У разнастайнасці вялікіх планаў не перастаюць быць нязначнымі малыя планы, якія ёсць у кожнага работніка.
Выказваю шчырую ўдзячнасць за плённую працу ветэранам галіны, цяперашнім працаўнікам і ўсім тым, каго аб’ядноўвае культура. Камандзе рупліўцаў, творцаў, патрыётаў  жадаю аптымізму, натхнення і сіл для рэалізацыі ўсіх творчых задумак.

Р.S. Падчас размовы інтэрв’юіраваная настойліва даводзіла думку, што высокія дасягненні на культурнай ніве раёна сталі магчымымі толькі дзякуючы таму, што ў галіне культуры працуе КАМАНДА. Ад сябе асабіста хочацца дадаць, што каманда склалася толькі таму, што ёсць КАМАНДЗІР, адказны, мудры, адданы справе. Кажу гэта не толькі для таго, каб выказаць пашану сваёй суразмоўцы, а таму, што гэтая ісціна пацвярджаецца жыццём. Каманда ёсць толькі тады, калі стаіць на чале калектыву годны ідэйны натхняльнік, кіраўнік.

Інтэрв’ю правяла Ірына САЛОМКА.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.