Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Пераможцы абласнога конкурсу

На мінулым тыдні ў скарбонцы дасягненняў Адрыжынскай дзіцячай школы мастацтваў на адну перамогу стала больш. Вучні філіяла школы в. Махро пад кіраўніцтвам настаўніка Галіны Паўлюкавец прынялі ўдзел у III абласным конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Скарбніца талентаў», які праходзіў у каледжы мастацтваў у суседнім горадзе Пінску.

deti
Нашым маленькім танцорам давялося супернічаць з выхаванцамі дзіцячых школ мастацтваў з такіх гарадоў, як Кобрын, Пінск, Баранавічы, Пружаны, Ганцавічы, аграгарадкоў Парахонск і Малеч. Арганізатарамі творчага
спаборніцтва выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў.

deti2

deti3


Конкурс складаўся з двух этапаў. У першым туры на суд кампетэнтнага журы ўдзельнікі прадставілі відэазапісы фрагментаў урокаў па класічным і народным танцах, у другім – патрэбна было выступіць на сцэне. Махроўскія дзяўчынкі ўдзельнічалі ў намінацыі «Эстрадны танец» сярод дзяцей узростам 10-11 гадоў. Іх нумар «Танцуй разам са мной» стаў пераможным.
– Удзел у такіх конкурсах вельмі важны для нашых навучэнцаў. Бо гэта прафесійны конкурс харэаграфічнага майстэрства. У склад журы ўвайшлі С.Б. Панасюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, М.Р. Драпеза, выкладчык Мінскага каледжа мастацтваў, а таксама паважаныя выкладчыкі Пінскага каледжа мастацтваў. Варта адзначыць, што «Скарбніца талентаў» праходзіць толькі адзін раз у 4-5 гадоў. Я ўпэўнены, што дзецям карысна пашыраць кругагляд: пераймаць вопыт і, вядома, паказваць свае ўменні. Гэта іх вельмі матывуе. Усе былі вельмі шчаслівыя. Арганізацыя конкурсу – на вышэйшым узроўні. Кожны ўдзельнік атрымаў памятны падарунак, – расказаў дырэктар Адрыжынскай ДШМ Іван Самахавец.

peramozhtsy-ablasnoga-konkursu


Адзначылі дыпломамі не толькі дырэктара школы і настаўніка філіялу, але і адну з вучаніц – Марыну Мярэчка. Дзяўчынка прадэманстравала свае выдатныя акрабатычныя здольнасці.
– Мы задаволены такім вынікам, хоць добра разумеем, што трэба многа і карпатліва працаваць, каб дасягнуць жаданых вышынь. І вельмі прыемна было пачуць напрыканцы конкурсу (у час абмеркавання нумароў) ад некаторых членаў журы і гледачоў, што нашы дзеці ім спадабаліся сваёй артыстычнасцю, адкрытасцю, тым, як яны любяць сцэну і свайго гледача, – дапоўніла Галіна Паўлюкавец.
Дарэчы, у бягучым навучальным годзе гэта не першы поспех Адрыжынскай ДШМ: на ліку школы больш за 20 узнагарод з конкурсаў рознага ўзроўню. Тут працуе сем настаўнікаў, якія навучаюць дзяцей мастацтву танца, вакалу, ігры на баяне і скрыпцы. Прычым іх выхаванцы шмат выступаюць на розных мерапрыемствах, якія праходзяць на Іванаўшчыне. І зараз творчая машына не стаіць на месцы: настаўнікі і вучні рыхтуюцца да справаздачнага канцэрту, а таксама да новых конкурсаў. Пажадаем жа Адрыжынскай школе мастацтваў новых творчых вышынь!

diplomi

 Аліна Міхнавец.