Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

На чужыне сніцца родны бераг

Напрыканцы мінулага года ў салоне аднаго з самалётаў, які набіраў вышыню з пасадачнай пляцоўкі нью-ёркскага аэрапорта, з асалодаю ўспрымаў узлёт адзін надзвычай шчаслівы чалавек. Для многіх пасажыраў гэтыя імгненні былі пакутлівымі, а ён праз шкло ілюмінатара радасна назіраў, як блякнуць пад крылом авіялайнера ў дрымоце туманоў агні вечаровага горада. Кожная хвіля палёту набліжала яго да любай Радзімы. Воляй лёсу аддадзенаму душой і сэрцам Беларусі нашаму земляку Валерыю Кухарчуку ў сталым веку наканавана было развітацца з айчынным берагам і атабарыцца на далёкай чужыне, куды апантана, настойліва клікалі старэйшыя дзеці. “Дзе радзіна, там радзіма”, - так па-мацярынску ў свой час разважыла жонка Валерыя Надзея – і накіраваліся Кухарчукі ў “нязведанае і загадкавае будучае” – у невядомую амерыканскую Юціку, каб усе дзеткі-ўнукі былі пад цёплым бацькоўскім крылом.

Тры гады былі пражыты ў ростані. Да раскошаў заакіянскага жыцця – “перасяленцы” абжыліся ў камфартабельнай кватэры (дзеці загадзя паклапаціліся), у халадзільніку заўжды хапала садавіны, гародніны, мясных прысмакаў і сокаў, ды цяпер уся сям’я была ў зборы – дадалася назойлівая настальгія. “Новаспечаны “амэрыканец” нудзіў па родных абшарах, блізкіх людзях, з якімі, як кажуць, не адзін пуд солі з’еў, у рэшце рэшт па беларускамоўным асяроддзі (пра сваё жыццё-быццё на новым месцы жыхарства Валерый Анатольевіч шчыра і даверліва распавёў чытачам “Янаўскага краю” ў інтэрв’ю ў рамках праекта “ЯК там нашы?” (“ЯК” №№76, 77 за 6 і 10 кастрычніка) (ст.13 і 5 адпаведна) 2017 г.
І вось жаданая паездка надарылася. Самалёт звыкла баразніў паветраную прастору. Сэрца акрыленым птахам білася ў прадчуванні сустрэчы. На суседнім месцы драмала, каратаючы час, жанчына з Аклахомы.
- Як сябе пачуваеце? – вывеў з задуменнасці голас уважлівай сцюардэсы.
- Мне цудоўна. Я дадому! – быў ёй усхваляваны адказ.
Дамоў Валерый Кухарчук вёз сваю прыхільнасць да радзіннай старонкі, новыя набыткі душы, спасцігнутую на асабістым вопыце мудрасць, што “радзіма ў чалавека адна, і не заменяць яе ні луста з маслам тлусцейшая, ні нагавіцы маднейшыя. І не выскубеш з сэрца маленькую радзіму, над якою развеяны дух продкаў”. А яшчэ… вёз вершы, увасобленыя за час яго гасцявання на Бацькаўшчыне ў сталічным выдавецтве ў паэтычны зборнік “Вясёлка ў тумане”.
Зборнік прынесла ў рэдакцыю мама Валерыя Ларыса Сямёнаўна. Складаецца ён з некалькіх частак: «Розгалас дарог”, “Галактыка верлібра”, “Русская тетрадь”, а таксама “Паэмы літараў”.
Адкрываецца кніга паэтычным зваротам, у якім аўтар просіць Паэзію, “пакутлівую пані”, прыняць “на свой смылеючы алтар ахвяраю прызвання і прызнання гатовы да любых выпрабаванняў” яго “непадкупна-непрадажны дар”.
Творчае натхненне лірнік чэрпае ў сардэчных размовах са шчырымі людзьмі, незабыўных, хай сабе найчасцей і выпадковых, спатканнях з прывабнымі незнаёмкамі, навакольных краявідах, разнастайных з’явах прыроды. Толькі чуйная душа паэта можа “ахінуцца ў жнівеньскія росы, каб адмыцца ад грахоў навек”, адгукацца “на кожнай былінкі ківок”, залюбавацца туманамі, што ўстаюць над Палессем, і вясёлкай, якая йграе ў дыме “на выразных сем колераў, сем нот радасці і смутку”. Увесь багаты спектр жыццёвых колераў, перажыванняў знайшоў сваё яскравае адлюстраванне ў невялічкай па фармаце, але глыбокай, пачуццёвай па змесце кніжцы.
Пра пражытае-перажытае, ад першага “мама”, у алфавітным парадку нешматслоўна і ёмка распавядае “Паэма літараў, ці Мой мажлівы алфавіт”. Творца давярае чытачу патаемнае, тое, што яму па-сапраўднаму дорага і міла. Радочкі твора дыхаюць любоўю да тых мясцін, дзе праляглі жыццёвыя пуцявіны: Янава, Гараваты, Дастоева, Застружжа, Пінска, Мікашэвіч, Мінска, да тых лю-
дзей, з якімі парадніў лёс.


“Літары, як зярняты, засевак свой робяць спраўна і ніваю каласуюць”, - прызнаецца аўтар. Да гэткай жа высновы насамрэч прыйдзе і чытач, які прапусціць твор праз сявеньку сваёй душы, бо і ў ёй прарастуць зернейкі дабратворнага слова мастака.
Лысее хлеў…
Труха і пыл.
Сыплецца долу
дранка старая…
І я паспеў пражыць яе век.
Ладзілі разам з дзядулем.
Я ўнізе –
падаваў смаляныя дошчачкі.
Зараз унізе дзядуля…
Кладуцца радамі
сумныя хвалі
“вечнага” шыферу.
Так надзвычай трапна, шчымліва-кранальна разважае творца пра хуткаплыннасць жыцця. Ён знаходзіцца ў тым мудрым узросце, калі чалавек усё часцей задумваецца аб тым, што “адыходзіць не страшна, а боязна болей не быць, спелым водарам траўя душу не спатоліць ніколі”. Сціплы шанец на працяг жыцця пасля жыцця зямнога бачыцца яму ў даўгавечнасці друкаванага слова. “А можа і я не знікну ніколі, пакуль хоць дзесьці будзе жыць мой голас?” – спадзяецца паэт.
У вершаваным зборніку, дзе лірычнае пачуццё сплятаецца з філасофскай заглыбленасцю думак, шмат настальгічных вершаў. Хоць і прынята ў літаратуразнаўстве пры аналізе паэтычнага твора слова “аўтар” замяняць тэрмінам “лірычны герой”, але чытача не падманеш: як не круці – у лірычным героі ён беспамылкова пазнае асобу аўтара. Ды, па сутнасці, Валерый Кухарчук і не спрабаваў схавацца за ўяўным вобразам.
“Уж год, как я в Америке. И самому не верится. Разлукою раздвоена душа”, - сумам вее ад пранікнёных прызнанняў.
Мою седую голову
закачивает оловом
Рутинно-бытовая
дребедень.
Работу бы по статусу,
приличную зарплату бы…
И маму чтобы видеть
каждый день.
Мне, в целом,
все здесь нравится:
Достаток, есть красавицы,
Природа
и радушие людей…
Прекрасная Америка.
Но я – другого берега.
Люблю тебя.
Но Родина – милей.
Як бачым, тое, аб чым гаварыў Валерый Кухарчук у сваім інтэрв’ю “ЯК”, знаходзіць пацвярджэнне ў вершах. Успомніць хоць бы той эпізод, дзе наш зямляк распавядае пра польку пані Барбару, гаспадыню крамы “Пуляскі” на скрыжаванні авеню і стрыт, з якой Валерыя Анатольевіча паяднала роднаснае слова. “Размаўлялі мы з ёю: я – на беларускай, яна – на польскай. І цудоўна разумелі адзін другога. На першых парах гэта стала для мяне як бы аддушынай у чужым англамоўным асяроддзі. Несумненна, менавіта па такой прычыне быў напісаны і прысвечаны гэтай прыемнай жанчыне мой першы «заакіянскі» верш.
… А мы – пра Польску
з Белаю зямлёй,
Што лекуюцца
водарам Палесся.
У Юціцы снягі, а там вясной
Напоўнілася шчодра
паднябессе.
Ад дотыку славянскасці гіне неадступны цень настальгіі і нараджаюцца вершы са светлымі думамі пра родны жаданы бераг, асвечаны пырскамі залацістых промняў, сумна-пакутнай матчынай слязой, ранішнімі росамі на зацішным падворку, дзе ўсё яшчэ чакае гаспадароў задуменная хаціна.
… Светает.
А в небе, искристой стрелой
Пронзая прозрачные дали,
Летит самолет
из Нью-Йорка – домой,
Где солце.
Где ждать не устали.


Ірына САЛОМКА.
НА ЗДЫМКУ: Валерый КУХАРЧУК.