Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Корань інфанта

Народны тэатр «Золак», што дзейнічае пры Іванаўскім раённым Цэнтры культуры і народных традыцый, паказаў спектакль (рэжысёр-пастаноўшчык Людміла Каспяровіч) па п’есе рускага пісьменніка Уладзіміра Салагуба «Бяда ад пяшчотнага сэрца». Хто вінаваты ў «далікатнасці» душы героя-інфанта і як спрыяюць грошы і заможнасць вырашэнню жыццёвых пытанняў?

На суд гледача мясцовыя акцёры Таццяна Бартош, Анастасія Ляўковіч, Наталля Лістраценка, Уладзімір Фалітарык, Андрэй Шурхай, Кацярына Талатыннік і Алена Калодзіч прадставілі спектакль па творы, напісаным у сярэдзіне 19 стагоддзя. Падзейная лінія, апісаная ў «Бядзе..», – цікавая, з аднаго боку, актуальная, з другога. Аднак варта зрабіць невялікую рэмарку: гэта так да той пары, пакуль чалавецтва, па-першае, мае пэўныя аксіялагічныя запыты, а грошы ў гэтым ланцужку маюць сваю вагу, па-другое, яно занепакоена сваім будучым, а таму стварае сем’і, кахае, нараджае і выхоўвае дзяцей.

Тры сям’і: Баяркіных, Залатніковых і Кубыркіных, плюс адзін чалавек, Настачка, гаротная пляменніца Баяркіных, – асноўныя дзеючыя героі спектакля. У пару маладосці Дар’я Сямёнаўна Баяркіна і Васіль Пятровіч Залатнікоў маглі пабрацца шлюбам, аднак іх шляхі разышліся. Думаецца, вялікага пачуцця паміж імі ніколі не было – так, голы прагматызм. Сустрэўшыся, калі абаім ужо за пяцьдзясят, яны дазваляюць у адносінах адзін да аднаго жартачкі і кепікі. Як прыклад, Васіль Пятровіч у думках адзначае, што калісьці талія ў гаспадыні была стопачкаю, а цяпер такая, што «дай Божа». Дар’я Сямёнаўна змянілася знешне, але ніколечкі не памяняла сваю зайздросную любоў да матэрыяльнага. Як толькі пазнала Васіля Пятровіча, з якім любілася ў дзевятнаццатым годзе ў Казані, дык амаль адразу, не пасаромеўшыся, заўважыла: «Я чула, што вы ўзбіліся на грошы». У размове былыя закаханыя знаходзяць агульную зацікаўленасць – шукаюць годную кандыдатуру сваім інфантыльным, нягледзячы на даволі самастойны ўзрост, дзецям – Машаньцы Баяркінай і Аляксандру Залатнікову. У шлюбе з маладым Залатніковым Дар’я Сямёнаўна бачыць вялікую перспектыву, а таму, як у той вядомай п’есе, дзе «праўда – добра, але шчасце – лепш», ідзе на падман: пераконвае старога Залатнікова ў выключнай выхаванасці і прыстойнасці сваёй дачкі. Васіль Пятровіч у гэтай справе выглядае куды больш справядлівым – расказвае пра нядаўнія сумнеўныя сувязі сына з інтрыганткай, бацькоўскі пасаг у два мільёны. Больш таго, ён настолькі шчыры, што раскрывае галоўную бяду спадчынніка, якая заключаецца ў яго далікатным сэрцы: толькі дзяўчыну пабачыць, дык адразу пачынае яе кахаць. Сын і праўда, спадніцалюб, але без усялякіх патрабаванняў, ну, хаця б да тканіны, з якой пашыта сукенка ці блуза будучай нарачонай. Нейкія асабістыя ідэалы другой паловы, пажаданыя ў ёй якасці характару, паводзін – усё гэта недасягальнае для дзіцячага розуму амаль дваццацігадовага юнака.
Думаецца, гэтая праблема, інфантыльнасць мыслення абодвух маладых людзей, найперш вынік няправільнага выхавання ў сям’і. Маладыя інфанты, Машанька і Аляксандр, выклікаюць спачуванне ў гледача – абсалютна не прыстасаваныя да жыццёвых абставін, несамастойныя ў сваіх думках і паводзінах, без меры капрызныя, перакананыя бацькамі ва ўсемагутнасці багацця, адным словам, «нішчымныя» як асобы і людзі, адназначна, яны не рэжысёры свайго асабістага жыцця. Як Машы, якая дазваляе сабе грубасць у паводзінах і прыніжэнне асобы маці, так і Аляксандру, пазбаўленага мінімальнай мужнасці, без выразнага стрыжню асабістых каардынат, патрабуецца пастаянная апека, узгодненасць дарослымі кожнага іх кроку. Гэтыя маладыя людзі, як і Каця – дачка Аграфены Рыгораўны Кубыркінай, а таксама іх бацькі – стопрацэнтна адмоўныя героі. Іх козыр, як ні дзіўна, розныя чалавечыя заганы, сярод якіх трыумвірат хцівасці, падману і срэбніцтва асабліва выразна паказаны ў спектаклі. Самае страшнае: яны, на жаль, не цураюцца гэтай душэўнай атрафіі.
Нібыта спартсмены, якія канкурыруюць сваімі фізічнымі здольнасцямі, каб атрымаць запаветны медаль, Дар’я Баяркіна і Аграфена Кубыркіна змагаюцца за багатага жаніха для сваіх дачок. Іх шчасце, на думку недалёкіх маці, залежыць толькі ад памеру мужавай кішэні. Паняцці кахання, шчырасці і павагі ў адносінах – пустое месца для жанчын, якія з узростам не набылі жыццёвую мудрасць і разважлівасць, не сталі больш разборлівымі ў людзях і сапраўдных каштоўнасцях. Яны наўмысна ўтойваюць ад Васіля Пятровіча некаторыя цікавыя старонкі жыцця сваіх любіміц: Машаньцы падабаецца італьянскі оперны спявак, таму яна бязвылазна сядзіць у оперы, а Кацярыну звязвае любоўная авантура з гусарскім афіцэрам. У барацьбе за Аляксандрава сэрца, а правільней сказаць, за два залатнікоўскія мільёны, ніхто не хоча саступаць. Адна адной маці пагражаюць раскрыць ранейшыя вольнасці будучых нявест перад Васілём Пятровічам, які ў фінале, як і яго сын Аляксандр, эвалюцыянуе – набывае рысы станоўчага героя і робіць правільны выбар. Васіль Пятровіч ідзе ва-банк: свядома гаворыць няпраўду, нібыта ўся справа пагарэла, і цяпер іх сям’я – амаль жабракі. Былыя нявесты са сваімі сквапнымі матухнамі адразу ж пасля такой непрыемнай навіны адмаўляюцца ад былога зайздроснага жаніха. Аляксандр, які не ведае, што гэта ўсяго толькі бацькава хітрасць, умомант сталее і разумее, што грошы пакаламуцілі яму розум. Цяпер ён хоча самастойна іх зарабіць, каб забяспечыць сабе і сваёй будучай сям’і прыстойнае жыццё, годную старасць сваім бацькам. Сын вынес галоўны ўрок з гэтай сітуацыі: важна быць самім сабой, а не апендыксам сваіх фінансаў. Настачка – гаротная, але душэўная пляменніца Баяркіных, адзіны станоўчы герой «Бяды…» ад самага пачатку. Даведаўшыся пра вялікія грашовыя праблемы сям’і Залатніковых, яна прымае ранейшую просьбу Аляксандра ажаніцца з ёю, даказваючы, тым самым, што для яе грошы і каханне – гэта нятоесныя паняцці. Акурат цяпер, калі сямейнае становішча Залатніковых стала хісткае, а перспектыва няпэўнай, на яе погляд, ён выспеў для такога адказнага кроку, як жаніцьба.
Літаратурны крытык, напэўна заўважыў бы, што героі камедыі-вадэвіля Салагуба, занадта палярныя – ці то наскрозь адмоўныя, ці то выключна добрыя, што рэдка бывае ў рэальным жыцці. Усё-такі чалавек – гэта, у большасці, гібрыд розных, гаворачы мовай фізікі, анод-катодавых якасцяў. Аднак, згадзіцеся, назіраць за тым, як Ліліпут становіцца Гуліверам, Сляпы – Відушчым, а Грэшнік набывае дабрачыннасці куды больш прыемней, чым наадварот, сачыць, як чалавек без усялякіх душэўных тармазоў беспаваротна злятае ў бездань.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.
Фота Настассі МІШКАВЕЦ.