Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Культура

Ад родных ніў, ад сцежкі роснай...

Ціхамірная, як разлівы нябеснага блакіту, цячэ размова. Мая суразмоўца – прыемная на выгляд яснавокая жанчына ў тым веку, які можна назваць залатым: адгарэзавала неспакойна-гуллівая маладосць салодкімі мроямі, неўтаймоўнымі памкненнямі, заўзятымі пошукамі прызвання, адзвінела гаманкое лета россыпамі здзейсненых спраў, бясконцых сумненняў, прыйшла шчодрая восень з важкім плёнам і спакойнай мудрасцю, калі ты, усё яшчэ поўны сіл і жаданняў тварыць, ужо ўсё ведаеш пра сябе, сваё месца ў вялікім свеце і не баішся зблукаць між чужых скрыжаванняў, бо кожным карэньчыкам душы ўрос у родную зямлю.

Еднасць Валянціны Раманюк, ветэрана педагагічнай працы, захавальніка фондаў Махроўскага гісторыка-краязнаўчага музея, з радзінным куточкам стала завязвацца ў яе басаногім маленстве (дарэчы, маленства басаногае – не мастацкі эпітэт, а ніколечкі не прыкрашаная праўда жыцця). Бегаючы босымі ножкамі па росных сцяжынках, дзяўчынка адчувала жыватворную моц крэўнай зямлі, з асалодай удыхала вільготна-
прэлы водар вясновай баразны, квітнеючых ніў, любавалася непаўторнымі краявідамі вёскі Хамічава, дзе нарадзілася ў 1954 годзе ў сям’і Аляксандра Іванавіча і Надзеі Мікалаеўны Мірчук.
Бацькі прывівалі дачушцы любоў да малой радзімы, хутчэй, не “мудрасцю кніжнай”, а асабістым прыкладам, сумленным жыццём. Аляксандр Іванавіч, “пан сахі і касы”, ад цямна да цямна шчыраваў на калгасных палетках. На-дзея Мікалаеўна навучала грамаце вучняў-пачаткоўцаў у мясцовай школе.
– Школа спачатку размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце, – успамінае Валянціна Аляксандраўна. – Дзівуюся цяпер, як жа ў той цеснаце было нам, няўрымслівай, цікаўнай дзятве, радасна і ўтульна. Жанчына змаўкае, аддаўшыся ўспамінам. На вуснах блукае цёплая ўсмешка, адрасаваная далёкаму дзяцінству.
– Гаспадары хаты туліліся на кухні, – праз імгненне працягвае гераіня. – Заняткі ж праводзіліся на чыстай палавіне будыніны. Шчаслівы быў час.
Зярняткі дабрыні, любасці да Айчыны ва ўражлівай душы дзяўчынкі пасеяў Іван Цімафеевіч, бацькаў бацька. Геройскаму і мужнаму дзеду Цімафею – удзельніку Першай сусветнай вайны, узнагароджанаму Георгіеўскім Крыжам 4-й ступені, медалём “За адвагу”, мясцоваму грамадскаму актывісту, войту Бродніцкай гміны ў трыццатыя гады – было пра што распавесці ўнукам, з якімі, жывучы пад адным дахам, меў цесныя стасункі.
Вялікае ўздзеянне на фарміраванне светапогляду Валянціны аказалі кнігі, да якіх у сям’і адносіліся з незвычайнай пашанай.
- У вёсцы яшчэ не было электрычнасці, - вяртаецца ў былое мая суразмоўца, - дык мы чыталі па чарзе ўслых пры цьмяным святле керасінавай лямпы. Чыталі раманы, аповесці. Перажывалі за герояў, абмяркоўвалі прачытанае.
Валянціна Аляксандраўна не памятае, як прыйшло да яе азарэнне, што яна хоча быць настаўніцай: ёй здаецца, што яна гэта ведала заўжды. Сумненні ўзніклі наконт таго, які менавіта прадмет яна хоча выкладаць у школе. Некалькі гадоў прайшлі ў пошуках свайго прызначэння. Праца ў дашкольнай установе вёскі Магілёўцы Пружанскага раёна, дзе працавала першы год пасля заканчэння Пінскага педвучылішча, не магла ў поўнай меры раскрыць яе багаты ўнутраны патэнцыял. Перавялася на Іванаўшчыну, дзе атрымала накіраванне ва Уласаўскую базавую школу настаўніцай геаграфіі. Зноў жа аднаго года хапіла для таго, каб зразумець, што геаграфія – не яе поле дзейнасці. Падала дакументы на гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага (цяпер універсітэт імя Максіма Танка). Інтуіцыя не падвяла маладую настаўніцу: яна знайшла сваё прызванне. Валянціна Аляксандраўна з галавой акунулася ў працу. Дзень за днём, год за годам адшліфоўвала прафесійнае майстэрства. На шляху да самаўдасканалення ёй сустрэліся таленавітыя калегі, якія перадавалі свой багаты вопыт. Першым метадыстам, які заўсёды быў, так бы мовіць, пад рукой, была мама. Падчас працы ў Перарубскай базавай школе мудрым дарадчыкам стала дырэктар навучальнай установы Раіса Лявонцьеўна Плешка. У Махроўскай школе, дзе настаўнічала на працягу больш за тры дзясяткі гадоў (педагагічны стаж Валянціны Раманюк – 40 гадоў), неацэннымі былі метадычныя парады завуча Віктара Гергіевіча Грынчука.
Знакавая падзея школьнага жыцця – адкрыццё ў 1979 годзе музея баявой і працоўнай славы. Вялася сістэматычная пошукавая работа, назапашваліся цікавыя матэрыялы. Настаўніца гісторыі была ў эпіцэнтры спраў. У 2008 годзе музею прысвоена ганаровае званне “Народны”. У 1997-м Валянціна Аляксандраўна назначана захавальніцай музейных скарбаў. Ёй, энергічнай, дапытлівай, хацелася глыбей пранікнуць у гісторыю. Набраўшыся дзёрзкасці, яна прапанавала перайменаваць дзеючы музей баявой і працоўнай славы ў гісторыка-краязнаўчы. Да слушнай прапановы прыслухаліся. Распачалася карпатлівая праца па стварэнні археалагічнай, этнаграфічнай экспазіцый, раздзелаў па гісторыі вёскі на пачатку 20 стагоддзя і мясцовай царквы, неацэнны ўклад у якую ўнеслі навучэнцы школы, юныя следапыты.
- Даследчая праца не толькі яднае падлеткаў у адзіны калектыў, пашырае веды, - упэўнена Валянціна Аляксандраўна, - але і фарміруе ў падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызму. У музеі, дзе сабрана каля тысячы экспанатаў асноўнага і звыш двух тысяч навукова-дапаможнага фонду, праводзяцца ўрокі. Некалі, памятаю, - зноў паглыбляецца ў мінулае жанчына, - наш настаўнік фізікі М.П. Куксоўскі пасадзіў у прабірку мыш. Прывёў у клас заядлага курыльшчыка, які толькі што выкурыў чарговую самакрутку, і папрасіў мужчыну дыхнуць у прабірку – мыш звалілася без прытомнасці. Так даходліва і запамінальна Міхаіл Пятровіч даказаў вучням шкоду курэння. А як жа выкладаць гісторыю без нагляднага прыкладу?! Жывая гісторыя палескага краю перад вучнямі ўвачавідкі паўстае падчас музейных урокаў.
Дзеці са сваім кіраўніком з гонарам распавядаюць пра свой радзінны куточак шматлікім экскурсантам з розных рэгіёнаў Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы.
- За мінулыя тры гады ў нашым краязнаўчым музеі мы сустрэлі 3400 наведвальнікаў, - інфармуе Валянціна Аляксандраўна. – Радасна, што да нас едуць. Махроўскі край унікальны.
- Унікальны край нараджае унікальных людзей, - падумалася нявольна. Валянціна Раманюк – яскравае пацвяр-джэнне таму.
Музейная справа – не адзіны шчаслівы клопат жанчыны: яна ўзначальвае мясцовую пярвічную ветэранскую арганізацыю, з задавальненнем сустракаецца з аднавяскоўцамі, суседзямі, з якімі жыве ў згодзе, пяе ў царкоўным хоры, у вольны час вышывае карціны, шмат чытае. Да таго ж, яна адна (аўдавела) падняла на ногі цудоўных дачку і сына, мае двух таленавітых унучак, якія на канікулах прыязджаюць да бабулі.
Падчас дыялогу з Валянцінай Аляксандраўнай не гучалі пафасныя словы пра высокія пачуцці, але гэта была размова менавіта пра любоў і вернасць, пра трапяткія адносіны да бацькоўскага краю – запаветнай святыні, дадзенай лёсам.
Валянціна Раманюк, звычайная жанчына без высокіх пасад і званняў, вясковая настаўніца, краявед, патрыёт, – з тых шчырых рупліўцаў, што ўздымаюць Радзіму на высокі п’едэстал, з якога яе ва ўсёй красе і велічы сузірае цэлы свет.

Ірына САЛОМКА.
НА ЗДЫМКУ: Валянціна Раманюк.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.