Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Ад роднае зямлі збіраўся скарб

Невычэрпная крыніца натхнення для кожнага чалавека – радзінная зямля. Яна – перад табой. Гэта і жытнёвая ніва з таямнічым шэптам калосся, і духмяны поплаў з гарэзлівымі россыпамі канюшыны і рамонкаў, і вышытая шаўкавістымі ніцямі травы сцяжынка, што бяжыць да асмужанага небакраю, і маміны сляды на гэтай сцежцы, а побач – твае сляды, спачатку маленькія, а потым большыя, большыя… Чым долей жывеш на свеце, тым глыбей усведамляеш веліч роднага куточка, зрастаешся з ім усёй сваёй істотай – і… льюцца з душы кранальныя прызнанні ў любові да яго.

Упершыню патрэбу звярнуцца да малой радзімы паэтычнымі радкамі жыхарка в г. Гарбаха Ганна Сацута (Лось) адчула ў сабе, будучы школьніцай. У вершах яна імкнулася адлюстраваць красу навакольных краявідаў, распавядала пра гістарычнае мінулае бацькоўскага краю, людзей гераічных і працавітых. Неаднаразова дзяўчына станавілася лаўрэатам і дыпламантам конкурсаў дзіцячай і юнацкай творчасці. Творы яе ўвайшлі ў зборнікі, якія ствараліся па выніках конкурсаў.
Ганна скончыла юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, працавала ў ААТ “Гарбаха” інспектарам па кадрах. Цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. У хвіліны натхнення піша вершы і прозу.
Сустрэча з гэтым цікавым чалавекам адбылася ў сельскай бібліятэцы аг. Гарбаха ў рамках агляду-конкурсу «Пазнай сябе, свой род, сваю зямлю» сярод бібліятэк раёна, прымеркаванага да Года малой радзімы. У літаратурную гасцёўню «І пішуцца вершы аб роднай старонцы…» завіталі знаўцы і аматары роднай мовы, прыхільнікі беларускага прыгожага пісьменства.
Ганна Аляксандраўна расказала пра сябе, сваю сям’ю, творчыя здабыткі, Творы зямлячкі ўсхвалявана прагучалі з вуснаў школьнікаў Кірыла Казака, Тані Кацярыніч, Марыі Пашкевіч. Прачытала ўласныя вершы, якія са сталеннем творцы ўзбагаціліся новымі тэмамі і вобразамі, і сама аўтарка.
– Няхай вечна гараць над ціхай Гарбахай і над усёй нашай любай Беларуссю ружовыя заранкі, прамяністае сонца ды залатыя зоры, апетыя Ганнай Аляксандраўнай, – пажадалі напрыканцы сустрэчы вядучыя Мікіта Паляніца і Ксенія Кірынская. – Няхай выхаду шукае адбітак родных з’яў у словах-вобразах (Я.Колас)…

Ірына САЛОМКА.